экспэдыцыя
Тацяна Лашкевіч
“Дзеці Зямлі”
пайшлі ў лясыЗялёны аўтобус, расплёскваючы вакол сябе дзіцячы сьмех і гітарныя акорды, упэўнена рухаўся вулачкамі Бабруйску, і выехаўшы за рысу гораду паглыбляўся ўсё далей, увозячы ўсіх у блакітна-зялёную далячынь. Што гэта за людзі, куды яны імкнуцца, чаго шукаюць?…
Каля трыццаці падлеткаў — пераважна вучні старэйшых клясаў бабруйскіх школак — бралі ўдзел у экспэдыцыі “Дзеці Зямлі” на тэрыторыі Сьвіслацка-Бярэзінскага нацыянальнага парку.
Асноўнай задачаю гэтай, сёмай па ліку, экспэдыцыі сталася правядзеньне экалягічнага маніторынгу гідралягічнага заказьніку “Выспы Дулебы”. Экспэдыцыя падзеленая на дзьве групы, што разыходзяцца ў розныя месцы парку дзеля дасьледаваньняў і практыкаў. Адная з групаў рухаецца пешшу, зьбіраючы інфармацыю, другая адпраўляецца Сьвіслаччу на байдарках, вызначаючы стан воднага сьвету самое ракі ды ейных прытокаў, а таксама стадыі дэградацыі лясных экасыстэмаў. Праз дванаццаць дзён групы сустракаюцца ў раёне сяла Краснае для таго, каб, склаўшы разам усю інфармацыю, правесьці маніторынг паводле вынікаў дасьледаваньняў.
Экспэдыцыя “Дзеці Зямлі” зарганізаваная Экалягічнай станцыяй “Ольса” і Цэнтрам “Бабраня”. Такія экспэдыцыі “Ольса” праводзіць ужо ня першы раз, і летась у экалягічнай вандроўцы ўзялі ўдзел паўсотні юных аматараў прыроды зь мясцовых школак. Штогод на падставе атрыманых дадзеных экалягічная cтанцыя “Ольса” рыхтуе звароты ў ворганы ўлады, якія мусяць падтрымліваць належны запаведны рэжым на падахоўных тэрыторыях поплаваў Бярэзіны й Сьвіслачы між Бабруйскам і Ялізавым. А перад экспэдыцыяй — з 18 да 22 чэрвеня “Ольса” праводзіла ачыстку тэрыторыі былога кар’еру на ўскрайку Бабруйску, дзе з крыніцаў утварылася возера. Плянуецца стварыць вакол гэтага возера месца для адпачынку — “Белы бераг”.
Турыстычны цэнтар “Бабраня”, створаны ў 1964 годзе, за гады свайго йснаваньня пасьпеў выхаваць не адное пакаленьне хлапцоў і дзяўчатаў. Асноўныя кірункі дзейнасьці Цэнтру — турызм і краязнаўства. Цікавая праца й добры адпачынак.
Кіраўніца экспэдыцыі Сьвятлана Максімовіч распавядае пра свой прыход у цэнтар у 1989 годзе, пра выхавальнікаў — цяперашніх і ўжо пасталелых. У памяці ня толькі вандроўкі роднымі мясьцінамі, але й вандроўкі на Каўказе й Цяньшані, зарганізаваныя адным з кіраўнікоў цэнтру Леанідам Семчанкам.
Акунаючыся ў сьвет цэнтру, хлопцы й дзяўчаты незаўважна для сябе зьмяняюцца, знаходзячы новыя каштоўнасьці ды інтарэсы ў жыцьці. Не дарэмна адзін з выхавальнікаў Дзяніс Клімаў кажа, што цэнтар для яго — гэта лад жыцьця.
Кіраўнікі ўзгадваюць розныя цікавыя выпадкі з жыцьця экспэдыцыі. Аднойчы адзін з хлапцоў — Андрэй Макарчанка — нечакана прапанаваў астатнім сысьці ў лес з тым, што было ў кішэнях. Прапанова была падтрыманая з энтузіязмам. Вярнуўшыся праз двое сутак, яны яшчэ доўга ўзгадвалі, як здабывалі агонь і рыхтавалі начлег, спрабавалі выжыць у халодным лесе. Пагадзіцеся, што пасьля такіх выпрабаваньняў гэтыя падлеткі нідзе ня страцяцца.
Аднак, бліжэй да справы… Кожны ранак пачынаецца з “радыяльных выхадаў”. Абаснаваўшыся на новым месцы, удзельнікі карпатліва вывучаюць навакольнае асяродзьдзе, праходзячы за дзень да дваццаці кілямэтраў. Адначасова выконваецца некалькі задачаў: гэта й вызначэньне стадыяў дэградацыі даннай экасыстэмы, і біяіндыкацыя забруджваньня вадаёмаў, і правядзеньне экалягічных акцыяў з прыборкаю і ўладкаваньнем тэрыторыяў. Праводзіцца прапаганда экалягічных ведаў сярод тамтэйшых жыхароў.
Важным чыньнікам ёсьць непасрэдная сувязь удзельнікаў экспэдыцыі зь мясцовымі жыхарамі й лясьніцтвамі. Стала праводзіцца апытаньне пра адносіны да дзейнасьці экспэдыцыі, тэставаньне, распаўсюджваюцца ўлёткі, што падкрэсьліваюць важнасьць ведаў пра стан экасыстэмаў. Вядзецца праца ў зборы геаграфічных назваў, старажытных лягендаў і паданьняў. Звычайна людзі даволі ахвотна йдуць на кантакт, але, да вялікага шкадаваньня ўдзельнікаў экспэдыцыі, вельмі мала цікавяцца станам навакольнага асяродзьдзя... А самыя малодшыя дзеці займаюцца зборам гербарыяў, апісаньнем і фатаграфаваньнем рэдкіх кветак і траваў.
Кожная з групаў забясьпечаная мапай раёну, на якой адзначаюцца месцы экалягічных парушэньняў. У шмат якіх лясьніцтвах заўважаліся істотныя парушэньні: незасаджаныя высечкі, празьмерны збор маладога здаровага лесу. Летась у раёне хутара Ігнатаўка былі знойдзеныя цэлыя кварталы зьнішчаных лясоў. Паводле фактаў парушэньняў складаюцца акты, якія потым падаюцца да разгляду ў Міністэрства прыродных рэсурсаў.
Варта адзначыць шчыльны кантакт з Бабруйскай гарадзкой і раённай інспэкцыямі, якая інфармацыяй і фінансавым чынам імкнецца падтрымліваць энтузіястаў. А ў сваю чаргу, экалягічная станцыя “Ольса” прыкладае намаганьні ў пашырэньні кола грамадзкіх інспэктараў, скарыстоўваючы магчымасьці, закладзеныя ў дзейсным заканадаўстве.
Сёлетняя экспэдыцыя “Дзеці Зямлі –2000” прысьвечаная пераважна вызначэньню экалягічнага стану вадаёмаў. Дакладнае вызначэньне якасьці вады — няпростая задача. У дапамогу ўдзельнікам экспэдыцыі з Бабруйску выяжджае адна з супрацоўніцаў гарадзкой і раённай інспэкцыі, загадчыца лябараторыяў Натальля Паддубская. Менавіта такія спэцыялісты патрабуюцца цэнтру. На працягу ўсяе працы вядзецца сваесаблівы летапіс, дзёньнік экспэдыцыі. З гэтай напрацаванай інфармацыяй удзельнікі потым ідуць на рэгіянальныя ды агульнанацыянальныя сэмінары.
Па заканчэньні самой экспэдыцыі дзейнасьць цэнтру не спыняецца. Пройдзе крыху часу, і паводле вынікаў будуць абараняцца рэфэраты, праводзіцца канфэрэнцыі.
Дзеці жадаюць і гатовыя вучыцца. І сапраўды прыемна знаходзіцца сярод зацікаўленых і ўпэўненых у сабе й сваіх сілах людзей.