пракаветнае
Дотехническое существование человека в его экологической нише на Земле определялось разнообразием культур, которые позволяли жить гармонично в природе той земли, которую населял каждый народ. Что мы помним и знаем о древней культуре наших предков? В этом диалоге — Кривия, Гиперборея, иранский “парадиз”, начало мира и космология древних белорусов-кривичей.
Сакральная
геаграфія Беларусі
Размова Вячаслава Ракіцкага й Тодара Кашкурэвіча ў перадачы “Неабжытая Спадчына” на хвалях Радыё Свабода. Эфір 4 траўня 2000 г.
Вячаслаў Ракіцкі
Заблытанасьць нашае гісторыі й адназначнасьць, а часам і двухсэнсоўнасьць, у інтэрпрэтацыі гістарычных тэндэнцыяў шмат у чым тлумачыцца пытаньнем назову краіны. Іх, назоваў, на шматвяковым шляху этнасу было некалькі. І,бадай, кожны зь іх маем падставы лічыць штучным, зьвязаным з пэўнай ідэалёгіяй часу.
Назоў “Русія” паўстаў у сувязі з распаўсюджваньнем на нашых тэрыторыях праваслаўнае ці “рускае” веры. Сярэднявечная “Літва” зьвязаная з магутнай і разьвітой дзяржаваю — Вялікім Княствам Літоўскім, дзе дамінаваў наш этнас. Назоў “Беларусь” паўстаў як ідэалягічнае апраўданьне прышчапленьня нашых земляў да Расейскае Імпэрыі.
Але гісторыя краіны пачалася ані зь “Беларусі”, ані зь “Літвы”, і нават, ані з “Русіі”. І ў пошуку ідэнтычнасьці мы мусім зразумець нашую краіну ў дахрысьціянскі час — культуру, побыт, уяўленьні тэрыторыі, якую прынята называць “Крывія”.
Дзе яна, нашая прарадзіма, знаходзілася? Якія ўяўленьні мелі нашыя продкі? Ці ўтваралі свой кантэкст? Пытаньні, на якія мусім знайсьці адказ. І ня дзеля таго, каб вярнуць краіне адзін зь яе гістарычных назоваў — Крывія, — пра гэта ня йдзе гаворка. Гаворка пра ідэнтычнасьць. І пачынаем з сакральнае геаграфіі.
Нашым госьцем — Тодар Кашкурэвіч, мастак, этнограф, які заангажаваны ў крыўскую ідэалёгію…
Сакральнае — сьвяшчэннае, сьвятое, зьвязанае з рэлігійным рытуалам… Тодар, як можна расшыфраваць увогуле слова Крывія ў сэнсе сакральнасьці?Тодар Кашкурэвіч
Адзінае вытлумачэньне сэмантыкі гэтага слова магчымае толькі праз балтыйскія мовы: празь летувіскую, латыскую ды прускую. У якіх: крывес, крыві, крывейта — гэта словы для пазначэньня жраца або вярхоўнага жраца. Адпаведна крывуля амаль што тоесна гучыць, як і ў Беларусі. Крывуля — як атрыбут улады жрацоў.Вячаслаў Ракіцкі
Тодар, а ці пацьвярджаецца сакральнасьць Крывіі як сваеасаблівай зямлі ці краіны ў міталёгіі, ці ва ўяўленьнях іншых старажытных народаў?Тодар Кашкурэвіч
Старажытныя грэкі вельмі дакладна разьмяшчалі краіну Гіпэрбарэю на поўначы. Герадот апісвае месца, дзе знаходзілася гэтая краіна Гіпэрбарэя. Паводле яго, трэба падняцца на поўнач па Дняпры… Але ж апісанае ім месца акурат па шыраце адпавядае Беларусі!
Грэкі захавалі й шмат інфармацыі ў сваіх мітах, зьвязаных з пагібельлю Гіпэрбарэі. Апалён быў родам з Гіпэрбарэі ды кожныя 18 гадоў лётаў на сваю Радзіму, дзе хаваў свае стрэлы. І Беларусь захавала да нашых дзён абрад “Пахаваньня Стралы”.
Старажытныя іранцы разьмяшчалі сакральную краіну, Цэнтар Сьвету на скрайняй поўначы. Тое самае — у старажытных індусаў…Вячаслаў Ракіцкі
Тодар, якія аб’екты, знакі, што маюць сакральны сэнс, паказваюць на месца знаходжаньня Крывіі?Тодар Кашкурэвіч
Крывія ня толькі знаходзіцца на вытоках буйнейшых рэкаў, а, увогуле, па лініі водападзелу: Балтыйскага й Чарнаморскага. Па гэтай лініі, ўласна на тэрыторыі сучаснае Беларусі, знаходзіцца шэраг аб’ектаў, якія маюць вельмі высокі сакральны статус.
Прыкладам, вытокі Вяльлі, ракі, якая цячэ ў паўночна-заходнім напрамку, і Бярэзіны, якая адпаведна цячэ ў супрацьлеглым кірунку. Карані ў назовах гэтых рэкаў, адпаведна вэл- і бэр- зьяўляюцца тымі старажытнымі індаэўрапейскімі каранямі, якія мадэлююць касмалягічную сытуацыю.
Усё, што зьвязанае з Захадам, зь нізам, з долам, са сьветам зьмерлых, мадэлюе корань вэл-, адпаведна — і рака Вяльля. Дарэчы, Бог Вялес зьвязаны з тым сьветам. Што тычыцца караня бэр- — гэта эўрапейскае азначэньне зьзяньня, вышыні, усходу й г.д. Такім чынам, міт закладзены ўжо у назовы, а значыць, належыць да рэальнае зямлі, геаграфіі.
Акрамя гэтага, паміж вытокамі рэкаў знаходзіцца Стод-камень, назоў якога таксама невыпадковы. Ён зьвязаны з азначэньнем камяня альбо стода — зь летувіскае мовы. Усе гэтыя назовы рэкаў, камянёў пераплеценыя ў мітах.
Другое месца — гэта комплекс азёраў зь Яновым возерам у цэнтры. Тая ж самая сытуацыя ў назовах аб’ектаў, якую мы бачылі на прыкладзе зь Вяльлёй і Бярэзінай, паўтараецца й тут. Гэтыя азёры паміж сабою злучаюцца рэчкаю зь вельмі знакавай назваю — Дзева. Безумоўна, тут можна пабачыць адгалоскі індаэўрапейскага боства Чыстага Неба.Вячаслаў Ракіцкі
А вось сяньня, ці захоўваюцца ў Беларусі міты, што расчынілі б нам сакральнасьць крыўскае геаграфіі? Калі так, дык у якіх мясьцінах?Тодар Кашкурэвіч
Адное з такіх месцаў — раён Лукомскага возера. Да сёньняшніх дзён у гэтых мясьцінах, сярод мясцовых людзей, захоўваецца гэтак званы “асноўны індаэўрапейскі міт”, які распавядае пра змаганьне бога Грамоўніка і ягонага супраціўніка Цмока, зьмея…
Людзі распавядаюць, як гэта адбывалася. Пры тым кладуць на рэальную тэрыторыю міталягічную падзею. Міт адбываецца ні ў нейкай далёкай краіне, а менавіта тут, на гэтым месцы, дзе жыве апавядальнік. Больш таго, паказваюць месца, дзе жыў гэты Цмок, дзе быў пахаваны, калі яго забіў Грамоўнік.
Сюжэт-міт апрануты ў рэаліі цяперашняга часу. На пытаньне этнографаў: “Ну, а куды ж дзяваў гэты цмок крылы, калі хадзіў у якасьці краўца, звычайнага чалавека?”, мясцовыя бабулі распавядаюць: “ну, як… ці ж вы няграматныя? Складаў гэтак на сьпіне, апранаў пінжак і хадзіў сабе”. Або могуць паказаць вёску й хату канкрэтнага чалавека, дзе захоўваецца фотаздымак дзяўчыны, у якой Цмок выпаліў на шчацэ сваю пяцярню.Вячаслаў Ракіцкі
Тодар, ці можна адшукаць сувязь паміж месцазнаходжаньнем Крывіі, яе геаграфіяй й культурным кантэкстам?Тодар Кашкурэвіч
Крывія, безумоўна — гэта зона лесу. І адпаведна толькі зь лесам зьвязаныя ўсе пазытыўныя ўяўленьні. Наадварот стэп, пустэльня — варожая, непрытульная прастора.
Вельмі верагодна можна ўбачыць паходжаньне бінарнае пазыцыі. Уяўленьні, якія грунтуюцца на бінарнасьці, якая ўтварылася ў ляндшафце стэпаў, дзе йснуе толькі дзьве аграмадныя сутнасьці: аграмаднае неба й аграмадная зямля, а больш нічога, розьняцца ад нашых.
Лес уяўляецца зусім іншым. У лесе няма неба як купалу. У лесе неба мы бачым толькі такім, якое яно праглядаецца праз галінкі дрэваў. І гэта вельмі йстотны чыньнік, які, дарэчы, можна прасачыць у беларускіх арнамэнтах, якія ўтвараюцца двума колерамі, і дзе няма фону, дзе кшталт-форма аднаго знаку вызначае іншы.Вячаслаў Ракіцкі
Такім чынам, Вы спрабуеце давесьці, што нашая геаграфія зрабіла ўяўленьні нашых людзей перадусім касмалягічнымі?Тодар Кашкурэвіч
Пра касмалягічныя ўяўленьні можна гутарыць, маючы на ўвазе этнічную культуру. Не культуру гораду або мястэчка. Безумоўна, беларускі этнаграфічны матэрыял вельмі багаты й вельмі аўтарытэтны.
Падчас аднае гутаркі з вучнем школы Глобы, мы закраналі гэтае пытаньне, і ён, цікавячыся славянскімі старажытнасьцямі, знаходзіў у беларускіх матэрыялах шмат супольнага з усясьветнымі. Але, тым ня менш, ён запытаўся: “А дзе ж вашыя “рыгвэды”? У індусаў ёсьць Рыгвэда, у іранцаў — Авэста…”
Мой адказ стаўся нечаканым нават для мяне самога: беларуская Рыгвэда — гэта ўсе 40 тамоў беларускае народнае творчасьці, тэкстаў, якія трэба ўмець чытаць, бо сакральная краіна ў беларускіх уяўленьнях не знаходзіцца недзе далёка, як у расейцаў, у германцаў, у грэкаў. Тым заўсёды да сакральнае краіны некуды трэба йсьці. У нас “парадайз” — літаральна, “іранскі парадайз” — мадэлюецца непасрэдна на нашай тэрыторыі: пад час валачобнага абраду й рытуальных дзеяньняў, у тэкстах, якія сьпяваюцца пад час гэтага абраду. “Парадайз” у нас рэалізуецца ў кожным двары.Вячаслаў Ракіцкі
Як утварыўся крыўскі народ на пэўнай тэрыторіі, ён адкуль усё ж такі прыйшоў?Тодар Кашкурэвіч
Усе тэорыі, які сьцьвярджаюць масавы прыход славянаў на нашую тэрыторыю, “на жаль”, не вытрымоўваюць крытыкі. Найперш важнымі ўяўляюцца сьведчаньні антраполягаў, якія сьцьвярджаюць нязьменнасьць антрапалягічнага тыпу тутэйшых насельнікаў ад каменнага веку.
Самае істотнае заключаецца ва ўяўленьнях, у мітах, паданьнях. У нас ёсьць міты, якія апавядаюць пра паходжаньне нашага народу, якое пачыналася ад касмагенэзу. Вось клясычны індаэўрапейскі пракаветны час, калі нідзе нічога не было, апрача бязьмернага акіяну, зь якога вытыркаўся камень. Пасьля чаго ў гэты камень уперыў Пярун, выкрышыў тры іскаркі: белую, чырвоную, жоўтую. Усё скаламуцілася, а калі адстаялася, дык вызначылася, дзе зямля, а дзе вада. Там жа зьявіўся й першы чалавек — Бой або Бай, які меў двух сабакаў: Стаўрыю ды Гаўрыю (дарэчы, старарускія Дзяды зьвязаныя з памяцьцю пра гэтых пэрсанажаў). І той нарадзіў трох сыноў. А пасьля сьмерці разьмяркоўваў спадчыну, якая выйшла толькі двум сынам, а трэцяму дасталіся гэтыя сабакі. Што рабіць? Як вызначыць зямлю, якая яму належыла? Ён пусьціў гэтых сабакаў за галубамі, і яны прарылі дзьве ракі: Дзьвіну й Дняпро. Паміж гэтымі рэкамі й расьсяліліся людзі малодшага сына, Белаполя.
Па-першае, на двух сабакаў знаходзім аналёгію ў лацінскай міталёгіі — гэта сабака Кербэр, ахоўнік апраметнае. А ў індусаў аналягічны сэнс мелі сабакі бога сьмерці Ямы. Псы — у авэстыйскага Імы. Тут мы маем справу зь вельмі сталым элемэнтам індаэўрапейскае міталёгіі.
Сам абрад вызначэньня тэрыторыі, якую мусілі абабегчы сакральныя жывёліны, таксама вельмі аўтарытэтны. Зноў жа мы знаходзім яго ў індусаў, але яны выпушчалі дзеля гэтага белага каня. Тэрыторыя, якую ён абыходзіў, лічылася царскаю.Вячаслаў Ракіцкі
У якой ступені навука можа давяраць гэтаму міту?Тодар Кашкурэвіч
Прышлы этнас пакінуў бы сьляды ў назовах рэкаў, ён бы прынес іншы антрапалягічны тып, але вось гэтага навукоўцы й не знаходзяць. Справа ў тым, што ўся беларуская гідранімія — назовы водных аб’ектаў — балцкага паходжаньня, славянскіх вельмі мала. І дагэтуль мы карыстаемся балцкімі назовамі.
Міт, калі вывучаеш сівую даўніну, ёсьць праўдаю. Зь яго, прынамсі, вылучаецца ісьціна. Тое, што я апавёў пра паходжаньне беларусаў, ёсьць найбольшаю ісьцінай, бо гэта элемэнт нашае сакральнае традыцыі.Вячаслаў Ракіцкі
Натуральна, усё, што мы зараз гаварылі, адносіцца да пытаньня ідэнтычнасьці, якую мы ўсе шукаем і якую знаходзім зь вялікай цяжкасьцю. Як ты, Тодар, суадносіш сэнс сучаснае й даўняе цывілізацыяў?Тодар Кашкурэвіч
Натуральна, шмат у каго паўстае пытаньне: а што нам да гэтага дзедаўства, мы ж людзі сучасныя, сядзім тут ля кампутараў, мікрафонаў, зусім іншы сьвет, лёгіка? Безумоўна, тут пытаньне выбару. Увогуле трэба задацца пытаньнем: ці можа быць годнаю пазыцыя стаяньня ўбаку й прызнаваньня чужых правілаў гульні?! Калі прыйшоў вораг, дык, натуральна ж, нягодна пераходзіць на бок ворагу. Заўсёды было ганебным прымаць чужую веру або зьневажаць традыцыі дзядоў. Адмаўленьне такое пазыцыі — ёсьць унівэрсальнай каштоўнасьцю.
Сучасная сытуацыя бачыцца мне як вайна дэмакратычнае цывілізацыі з цывілізацыямі прыроднымі, дзедаўскімі. І, безумоўна, кожны мусіць тут зрабіць выбар для сябе й для народу: ці ты абіраеш сьветагляд касмалягічны, ці ты абіраеш сьветагляд спажывецкі.Вячаслаў Ракіцкі
Ці могуць ужыцца гэтыя два пагляды, скажам так, “тэхнакратычны” й “касмалягічны”?Тодар Кашкурэвіч
Відаць, маглі б. Але тэхніка не дае магчымасьці захавацца касмалягічнаму тыпу мысьленьня. І тады яна навязвае свой тып мысьленьня, свой сьветагляд. Тэхніцы не выгодная разнастайнасьць сьвету, для яе выгодная ўнівэрсальнасьць.Вячаслаў Ракіцкі
І што — у нас няма шанцаў дастукацца да нашае ідэнтычнасьці?Тодар Кашкурэвіч
Шанец ёсьць у кожнага. Кожны перад самім сабой, перад сваімі продкамі мусіць задаць такое пытаньне й адказаць на яго. Тут і права выбару, і адказнасьць перад выбарам.Крыніца: Радыё Свабода, “Неабжытая Спадчына”
http://www.svaboda.org/prahram/spad.html