ад рэдакцыі
Чытачу!
Зараз Ты заглянуў на першую старонку Зялёнага kраю, першага нумару 2000 году — гэта новы твар таго выданьня, якое, мажліва, Ты памятаеш з 96–97-х гадох (тады гэта быў “Зялёны весьнік EcoInform”).
Зялёны kрай створаны й робіцца, каб спрыяць “зялёнай” сьвядомасьці й дзейнасьці ў Беларусі. Мы будзем падаваць бягучую інфармацыю пра стан у акаляючым Асяродзьдзі, пра зялёны рух у Беларусі, Польшчы, Украіне ды іншых краінах Сярэдняй Эўропы, у Заходняй Эўропе, Расеі і ў больш аддаленых мясьцінах…
Нас цікавіць рознае бачаньне праблемаў і шляхоў іхнага вырашэньня… На старонках Зk можна будзе знайсьці і тэарэтычныя разважаньні, і практычныя веды, праграмы й праекты, паведамленьні пра акцыі і тэндэнцыі ды яшчэ чаго іншага… Дарэчы, мы падтрымваем ідэю вольнага распаўсюду інфармацыі, і на старонках Зk знойдуць месца й перадрукі зь іншых выданьняў, якія падаюцца нам цікавымі.
Зьмест і выгляд Зk будзе няспынна мяняцца.
У эколягаў ёсьць панятак “біялягічная разнастайнасьць”. Варта паспрыяць культурнай разнастайнасьці ў нашым рэгіёне, у нашай Беларусі. Культурны дыялёг і беларускія традыцыі зоймуць паважнае мейсца на старонках Зk.
Але!
Безь Цябе, Чытачу, гэта немажліва. Ты ўжо адразу заўважыў, як зараз Зk нагадвае маленькую брашурку, якіх нямала… А ён мае намер вырасьці ў адмысловы часапіс, стаць ТОЎСТЫМ і прыгожым. І разьлічвае ў гэтым на Тваю падтрымку.
Будзьма абменьвацца думкамі, ідэямі, занатоўкамі ды малюнкамі, паведамленьнямі ды аб’яўкамі…
Рэдакцыя.
ГЭТЫ ПРАЕКТ
— міжнародны, беларуска-польскі.
Партнэрам з польскага боку выступае Выдавецтва “Zielone Brygady” пад началам Анджэя Жвавы, якое ад канцу 80-х выдала болей за 40 кніжак на экалягічныя, грамадзкія тэматы, а таксама ў пытаньнях правоў чалавека, міру, здароўя, культуры ды іншага. З 1989 году выходзіць найпрацяглы грамадзкі экалягічны часапіс “Zielone Brygady. Pismo ekologów” (ZB), які ў польскім “зялёным” руху ўсе лічаць за “свайго” дзякуючы нэйтральнай пазыцыі.
Дарэчы, гэты часапіс чытач можа знайсьці ў менскай Цэнтральнай бібліятэцы імя Я.Купалы (вул.Харужай,16) або на адрэсе <www.eco.pl/zb>.
З польскага боку праект каардынуе Станіслаў Гурка, актыўны ўдзельнік зялёнага руху, журналіст і сувыдаўца.
Зь беларускага боку партнэрам выступае ...э-э, група таварышаў :-) , ці “нефармальная суполка грамадзянаў”, вядомая па-за межамі дзейнасьці беларускага заканадаўства як Група “ЭкаІнформ” (раней: Інфармацыйная група “Школа-2”/“Школа-Два” ды Фракцыя “Клёк”...). Суполка нерэгістраваная і юрыдычна ня існая. Тым ня менш, увесну ’96 Група распачала праект “ЭкаIнформ” (электронны й друкаваны бюлетэнь). Улетку ’97 сябры Групы ўзялі ўдзел у блякадзе Цімелінскай АЭС і дзейнасьці чэскіх “Брыгадаў Чыстай Энэргіі”, а ўлетку ’98 Група брала ўдзел у падрыхтоўцы й правядзеньні міжнароднага маршу “За бязатамную Беларусь!”. Акрамя бюлетэню Група выдрукавала колькі кніжак пра экалягічную інфармацыю ў інтэрнэце, энэргетыку й праўныя падставы “зялёных” акцыяў.
Каардынатар зь беларускага боку Максім Капран.
Конкурс!
Увага, малады журналіст, пачынальнік ці аматар, Чытачу!..
Рэдакцыя Зk аб’яўляе конкурс на лепшы журналісцкі матэрыял — пішы пра экалягічны стан у той мясцовасьці, дзе жывеш. Якія ёсьць праблемы, якія захады ў іхным вырашэньні робяць улады, грамадзкія арганізацыі ці “простыя” людзі…
На працягу шасьці нумароў мы будзем друкаваць артыкулы, дасланыя на конкурс, і паводле падсумаваньня водгукаў чытачоў ды рашэньня кампэтэнтнага журы пераможцы будуць уганараваныя каштоўнымі прызамі.
Напішы цікавы матэрыял — і займай Першае месца. Атрымаеш добрую журналісцкую прыладу — дыктафон…
Дасылай артыкулы на адрэсу:
а/с 68, Менск, 220047, Беларусь
e-mail: zialonykraj@europe.com* * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * * *
Конкурс!
Внимание, молодой журналист, начинающий или любитель, Читатель(-ница)!..
Редакция Зk объявляет конкурс на лучший журналистский материал — пиши про экологическое положение в том месте, где живёшь. Какие есть проблемы, какие меры в их решении предпринимают власти, общественные организации или “простые” люди…
На протяжении шести номеров мы будем печатать статьи, присланные на конкурс, и в итоге откликов читателей и решения компетентного жюри победители получат ценные призы.
Напиши интересный материал — и занимай Первое место. Получишь необходимый в журналистике инструмент — диктофон…
Присылай статьи на адрес:
а/я 68, Минск, 220047, Беларусь
e-mail: zialonykraj@europe.com