Даніэль
(Cevrus dama)

“Вось сымбаль твой, забыты краю родны!”*

* Паводле газэты Наша Ніва.

Да прыезду эўрапейцаў у Новай Зэляндыі практычна не было сысуноў. Капітан Кук завёз у гэтыя краі сьвіней і козаў. Першых аленяў у Новую Зэляндыю прывезьлі ў 1851 г. Сёньня на выспах жыве больш за дзесяць відаў аленяў з розных краёў сьвету. Апроч высакароднага аленя (Cevrus elaphus), плямістага, белахвостага ды іншых, тут жывуць і ласі, і даніэлі. ...Новазэляндзкія паляўнічыя забясьпечаныя здабычаю, пра якую толькі мараць іх калегі на Беларусі.

А некалі даніэлі былі звычайнымі жыхарамі беларускіх лясоў. Пасьля далучэньня да Расеі, на прыканцы XVIII ст., яны былі цалкам вынішчаныя. Потым, дзеля царскага паляваньня, неаднаразова завозілі даніэляў у Белавескую пушчу. Тут перад пачаткам першай сусьветнай вайны іх налічвалася блізу 1,5 тысячаў галоў.

Але па вайне іх зноў ня стала. Пры Польшчы, у 1932 г., зь Нямеччыны было завезена 8 асобін даніэляў у Налібоцкую пушчу. Тутака быў нават створаны адмыслова так званы Вялаўскі запаведнік, дзе ў мясьцінах свайго спрадвечнага йснаваньня даніэлі хутка разьвяліся.

Ізноў вайна. У Налібоцкіх лясох месьціўся Баранавіцкі падпольны абкам КП(б)Б і штаб Баранавіцкага партызанскага злучэньня. І даніэляў зноў ня стала.

Пры Саветах, у 1951 г. скасавалі й Вялаўскі запаведнік. Пра даніэляў у Налібоцкай пушчы цяпер не чуваць.

У 1963 г. у Белавескую пушчу завозілі гэтых жывёлаў з Польшчы. Але ўжо марна. Даніэляў не аднавілі. Між тым, ва ўсіх суседніх зь Беларусяй дзяржавах папуляцыі адноўленыя.

Чым жа адметная гэта жывёла? Па-першае, у адрозьненьне ад, скажам, ласёў, альбо высакародных аленяў, рогі носяць ня толькі самцы даніэляў, але й самкі. Рогі ў іх круглыя, складаюцца зь дзьвюх галінаў, якія пашыраюцца ўгору і ўтвараюць лапаткі (кшталтам як у ласёў), па краёх якіх вострыя парасткі, што загнутыя і ўперад, і назад.

А па-другое, гэта найпрыгажэйшая жывёла з нашых парнакапытных. Яе грацыя й пекнасьць былі папулярныя ў любоўнай лірыцы розных народаў.

Даніэлі крыху меншыя за іншых аленяў: маюць даўжыню 1,5–1,6 м, а вышыню ў карку каля 1 м. Поўсьць па сьпіне й па бакох ружова-бурая з радамі бела-жоўтых плямаў, каля хваста й трыбуха — даўжэйшая й белая. Самкі з маладняком трымаюцца статкамі да 10 жывёлін. Натуральна, для такіх істотаў апроч густога мяшанага лесу патрэбныя й выганы, шырокія паляны, просекі. Даніэлі скачуць, бегаюць і плаваюць.

На жаль, што такое “…як даніэль…” сёньня беларусам даводзіцца тлумачыць хіба што па кнігах.

S.H.