традыцыя

Cлова “каляндар”...

Cлова “каляндар” узьнікла ад лацінскага calendarium (літаральна — пазыковая кніга). У Старажытным Рыме першыя дні месяца называлі календамі — днямі выплаты адсоткаў пазыкі і адзначалі гэта ў кнігах, якія таксама спачатку называлі календамі.

Па зьмене дня ноччу старажытныя людзі вызначалі працягласьць сутак, а па фазах месяца — тыдню, па тэрміну абыходу Месяца вакол Зямлі — працягласьць месяцу, па часу, за які Зямля абыходзіць вакол Сонца, — году. Аднак ніхто дакладна ня ведаў працягласьці сонечнага (астранамічнага) году. Паводле месяцавага календару ён складаў 354 дні, а паводле сонечнага — 365 дзён. Гэтую таямніцу разгадалі старажытныя егіпцяне ў выніку назіраньня за разьлівамі Нілу.

Асновы егіпецкага сонечнага календара выкарысталі й рымляне ў 46 годзе да Нашае эры для рэформы свайго складанага месяцава-сонечнага календару. Рэформа была праведзена на патрабаваньне Юлія Цэзара, таму й каляндар атрымаў назву “Юліянскі”. Працягласьць году ўстанавілі 365 дзён. Аднак тады ўжо астраномы ведалі, што яна складае 365 сутак і 6 гадзінаў.

Для карэкцыі пэрыяду надыходу веснавога раўнадзенства (21–22 сакавіка) рашылі адзін раз у чатыры гады, паміж 23 і 24 лютага, дадаваць адны суткі. У зьвязку з тым, што да першых дзён наступнага месяцу (календ сакавіка) заставалася шэсьць (“секстус”) дзён; устаўны дзень назвалі “другі шосты” (“бісекстус”). Гэта й дало назву павялічанаму на дзень году — высакосны.

Але астранамічны год працягваецца 365 дзён, 5 гадзінаў, 48 хвілінаў і 5 сэкундаў. Юліянскі каляндарны год на 11 хвілінаў 14 сэкундаў даўжэй за астранамічны, а таму і адстае ад яго.

Да канца XVI стагодзьдзя адставаньне дасягнула 10 сутак, а дата веснавога раўнадзенства зьмясьцілася з 21 на 11 сакавіка. Каб вярнуць гэтую дату на месца, у 1582 годзе на распараджэньне Папы Грыгорыя XIII дзень пасьля 4 кастрычніка 1582 году аб’явілі 15, а ня 5 кастрычніка. З таго часу ён дзейнічаў і ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Каб ліквідаваць недакладнасьць Юліянскага календару, па Грыгарыянскаму з кожных 400 гадоў выключаюць 3 высакосныя дні ў тых гадох канцу стагодзьдзя, першыя дзьве лічбы якіх ня дзеляцца на 4. Былі невысакоснымі 1700, 1800 і 1900 гады, а 2000 — высакосны.

Праект рэформы Юліянскага календару распрацаваў італійскі лекар, матэматык і астраном Алаізі Ліліо. Называюць каляндар Грыгарыянскім, таму што рэформу яго ажыцьцявіў Папа Грыгоры XIII. Гэтым календаром, які вернуты на беларускія землі зь 1 лютага 1918 году (дэкрэтам СНК РСФСР ад 24 студзеня 1918 г.), мы цяпер і карыстаемся.

Ён лічыцца календаром новага, а Юліянскі каляндар — старога стылю. Адставаньне Юліянскага календару ад Грыгарыянскага на пачатку XX стагодзьдзя складала 13 сутак. На такую колькасьць дзён і адрозьніваюцца даты гадавых праваслаўных сьвят ад каталіцкіх.

Але й гэты каляндар нязручны. Таму ў ААН працуе адмысловая камісія ў справе яго ўдасканальваньня.

Паводле: А.Макарэвіч,
каляндар “Родны край’1993”