праблема XXI

Даст ли шанс современная цивилизация существованию того разнообразия культур, что мы ещё можем видеть вокруг? Почему с исчезновением ещё одного растительного или животного вида мы бьём тревогу и равнодушно проходим мимо угасающей человеческой культуры или исчезающего языка? В этом и следующих номерах мы помещаем статью “Ginące kultury” из National Geographic Polska.

Уэйд Дэвіс
Паміраючыя культуры

Лацьвей ахоўваць рэдкія віды жывёлаў, чым чалавечыя традыцыі. Напрыканцы тысячагодзьдзя шмат людзей змагаюцца за захаваньне даўнейшага сьветагляду, мовы ды жыцьцёвых абшараў.

Ува ўсім сьвеце старажытныя культуры схіляюцца пад напорам сучаснае цывілізацыі.
Нашыя героі паходзяць з розных плямёнаў, расьселеных на трох кантынэнтах. Ваяры з кенійскага племені Арыяал трымаюцца качавога ладу жыцьця. На вачох Пэнанаў з Барнэа гінуць трапічныя лясы, што былі для іх домам. Каб існаваць у гарыстых пустках балівійскага Антыпляну, людзі Чыпайя бяруць зь бясплоднае, засоленае зямлі ўсё, што тая дае.

 
ЦІ ДАЗВОЛІМ СПРАДВЕЧНЫМ КУЛЬТУРАМ РАЗЬВІВАЦЦА
СВАІМІ ЎЛАСНЫМІ ШЛЯХАМІ?

Традыцыя індзейцаў Когі ў паўночнай Калюмбіі вымагае, каб дзіцё, што прызначанае да сьвятарскага стану, было адлучанае ад сям’і, ледзь толькі яму споўніцца чатыры гады. Высока ў гарах Сьера-Нэвада будучы сьвятар праходзіць духоўную падрыхтоўку. Наступныя 18 гадоў ён ня бачыць сонечнага сьвятла, цалкам ізаляваны каменнымі сьценамі ад навакольнага сьвету. Час “паслушэнства” падзелены на два дзевяцігадовыя адрэзкі. Кожны сымбалізуе дзевяць месяцаў, праведзеных дзіцём у матчыным улоньні. Зараз паслушнік знаходзіцца ва ўлоньні Багіні-Маці, а кантактуючы выключна зь цемраю, кшталтуе ў сабе дар спасьціганьня нябачнага. Ягоны зрок дазваляе ўбачыць будучае і мінулае, працяць кожную матар’яльную ілюзію сусьвету.

Па сканчэньні навукі ды аскетычнае практыкі надыходзіць цудоўны момант адкрыцьця. Пэўным бязхмарным ранкам, калі ўзыход сонца залівае бляскам горныя схілы, паслушнік, выведзены на паверхню, упершыню бачыць сьвятло навакольля. Дагэтуль сьвет быў для яго галоўнай думкаю, уяўленьнем. Зараз ён можа яго забачыць на ўласныя вочы, дакладна ацаніць найвышэйшую прыгажосьць зямлі. За хвіліну ўсё, што ён пра яе даведаўся, набудзе пацьверджаньне. Духоўны настаўнік, што праводзіў яго да сьвятарскіх таямніцаў, стаіць побач і шырокім рухам ахапляе далягляд, як бы кажучы: Бачыш? Усё так, як я казаў.

Гэта толькі адзін з прыкладаў бясконцага багацьця, сілы й непадабенства чалавечага ўяўленьня, выражанага ў традыцыйных культурах. Танчучы пад рытм бубнаў у містычным трансе гаіцянская жрыца вуду без аніякае для сабе шкоды па палаючым вугольлі. Паляўнічыя з племені Ваарані, што ідуць на ловы ў пушчу Амазоніі, могуць адчуць мачу зьвера на адлегласьці ў 40 крокаў, і на нават вызначыць, што гэта за зьвер. У гарах Мэксыкі Мазатэкі перагукаюцца пры дапамозе сьвісту. Гукі, падобныя да інтанацыяў іхнае мовы, перадаюць складаныя зьвесткі й разносяцца далёка, аж да размоўцы зь іншага боку даліны.

Паданьні, захаваныя да сёньняшняга дня старэйшынам індзейскага племені Атабаскаў надалей уражваюць глыбінёй і мудрасьцю. Ведае пра тое, што ёсьць на сьвеце такія людзі, што недзе ў нябёсах, па-над Птушыным Шляхам, вандруе шаман у целе ягуара, тлумачыць нам, што наш уласны сьвет не зьяўляецца адзіным магчымым — а толькі адзін зь вялікага шэрагу існых мадэляў рэчаіснасьці.

Качэўнікі Пэнаны, што жывуць у джунглях Барнэа, племя пастухоў Арыяал з напаўпустэльных раёнаў Кеніі, балівійскія земляробы Чыпайя, што выціскаюць плады са змучанае глебы — ладаў жыцьця і мысьленьня шмат.

Як не даўгі й шырокі сьвет, усяго 300 мільёнаў асобаў — каля пяці адсоткаў усяе зямное чалавечае папуляцыі — усё яшчэ вельмі моцна зьвязаныя са сваёй традыцыйнай культурнай еднасьцю: ейнай гісторыяй, моваю, міталёгіяй і мінуўшчынай, якая дапамагае адчуваць сваю повязь з канкрэтным месцам. Аднак усё часьцей унікальны падыход да жыцьця пачынае губляцца ў віры цывілізацыі.

Залатая ліхаманка ў Бразыліі сьцягнула на індзейцаў Янамамі пошасьці, вынішчыўшы на працягу хіба якіх дзесяці гадоў чацьвертую частку іхнае папуляцыі, а бальшыня з 8,5 тысячаў ацалелых бытуюць у скрайняй галечы, блізкай да галоднае сьмерці. У Нігерыі нафтавая прамысловасьць забруджвае сьцёкамі дэльту Нігеру, зьнясільвае тутэйшую, некалі ўрадліваю зямлю, зь якой карміліся карэнныя жыхары рэгіёну — племя Агоні. У Тыбэце кітайцы разбурылі шэсьць тысячаў кляштароў, сьвятыняў і выяваў — набыткаў мудрасьці й рэлігійнага культу. У кангійскім бушы пігмеі Эфэ пакутуюць ад полавых ды іншых хваробаў, што былі занесеныя звонку.

Гэта не адзінкавыя выпадкі, а зьява, што безумоўна застанецца ў гісторыі як адзін з сымбаляў нашага стагодзьдзя. Памеры агульнага крызысу найпрасьцей ацаніць на гледзячы на лік адміраючых моваў. Ад пачатку гісторыі і па сёньняшні дзень на Зямлі функцыянавала агульна каля 10 тысячаў жывых моваў. Зараз ва ўжытку застаецца ўжо толькі ля шасьці тысячаў. Бальшыні зь іх ужо ніхто не навучаецца, што практычна азначае, што яны паміраюць. Толькі 300 моваў ужываныя супольнасьцямі, памер якіх перавышае мільён чалавек. Магчыма, што праз наступныя сто гадоў з паверхні Зямлі зьнікне палова моваў з тых, што існуюць сёньня.

Мова — гэта значна больш, чым набор словаў ды граматычных правілаў. Гэта люстра чалавечае душы, дзякуючы якому дух пэўнае культуры можа праяўляць сябе ў матар’яльны сьвеце. “Мова, — сьцьвярджае Майкл Краўс з Унівэрсытэту Аляскі, — ёсьць нечым такім-жа неразгаданым і таямнічым, як і жывы арганізм. Чаму мы мусім шкадаваць памерлую мову меней, чым зьнікаючую адмену жывёлаў?”

Біялягічная аналёгія досыць трапная. Калі на месцы выміраючай адмены паўстае новая, натуральная раўнавага застаецца захаванаю. Але ж выкліканая дзейнасьцю чалавека хваля выміраньня, што назіраецца цяпер, ёсьць чымсьці беспрэцэдэнтным. Гэтак і мовы, хаця заўжды ўдзельнічалі, падобна асобным культурам ці адменам жывёлаў, у працэсах эвалюцыі, апошнім часам згасаюць з жахлівай хуткасьцю — на працягу жыцьця аднаго-двух пакаленьняў.

“Сьмерць мовы — гэта як бамбардаваньне Люўру, — лямантуе Кен Гэйл з Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту. — Страта мовы ёсьць сьмяротным прысудам для адпаведнае культуры. Сьвет страчвае неад’емную частку сябе і робіцца бяднейшым. Ды ўсе мы губляем канкрэтныя веды, інтэлектуальныя здабыткі тысячагодзьдзяў”.

Праблема палягае ў тым, ці мы дазволім культурам з даўнімі традыцыямі жыць у сваіх уласных варунках, успрымаючы толькі пазытыўныя аспэкты сучаснае цывілізацыі, адкідаючы тыя, што маглі б зашкодзіць іх духовай ды матар’яльнай спадчыне. Шукаючы адказы на гэтае пытаньне, мы наведалі два месцы: трапічныя лясы выспы Барнэа, абжытыя аднымі з апошніх качэўнікаў ў рэгіёне Паўднёва–Ўсходняй Азіі, і на засушлівыя абшары Ўсходняй Афрыкі, здаўна асвоеныя пастухамі-качэўнікамі Арыяал i Рындайл. У падарожжах мне дапамагала фатограф Марыя Стэнзэл…

 
Працяг у нaступным нумары

Пераклад Элы Мацьвіенкі.
паводле:
Ginące kultury, National Geographic Polska, Nr 1, 1999.