традыцыя

Традиционный (языческий) календарь не только связывал человека с природой. На нём фактически была построена и первичная основа культуры беларуского этноса. А теперь у нас конкурируют беларуская, советская и российско ориентированные секуляризованная и религиозная временные матрицы...

Алесь Анціпенка (удзельнік), Вячаслаў Ракіцкі (аўтар і вядучы)
Каляндар
як зьява культуры й паўсядзённага жыцьця

(Радыё Свабода, “Неабжытая спадчына”, этэр 28 Сьнежня 2000)
http://www.svaboda.org

Ракіцкі:

“Паводле традыцыйнага навуковага вызначэньня каляндар — гэта сыстэма вымярэньня часу шляхам падзяленьня яго на дні, тыдні, месяцы й годы. Усе гэтыя часавыя адзінкі адпавядаюць такім зьявам як пэрыядычнае зьяўленьне сонца й месяцу ў розных фазах, а таксама залежаць ад пэрыядаў абарачэньня нашае плянэты вакол свае восі ды сонца. А што ўяўляе зь сябе каляндар у гісторыка-культуровым вымярэньні, у культуры?”

Анціпенка:

“Як зьява культуры, каляндар — даволі адметная рэч… Перадусім гэта сваеасаблівая сэмантычная або сэнсава напоўненая матрыца часу, якая арганізуе і рытмізуе чалавечае жыцьцё, прычым як супольнае, гэтак і індывідуальнае. Увогуле, каляндар можна разглядаць як пэўную цывілізацыйную мадэль часу, а таксама рытмізаваных дзеяньняў і рытуалаў, што непазьбежна зьвязаныя з той ці іншай сыстэмаю сьветагляду й нават пэўнай візіяй гісторыі”.

Ракіцкі:

“Мы сёньня паспрабуем паразважаць пра розныя тыпы календароў. Спадар Анціпенка, якія тыпы календароў існавалі ды існуюць у гісторыі культуры беларусаў?”

Анціпенка:

“Для Эўрапейскай цывілізацыі характэрныя тры тыпы календароў: традыцыйныя або народна-паганскія, хрысьціянскія і сэкулярызаваныя календары. І ўсе яны прысутныя ў беларускай культуры”.

Ракіцкі:

“Распавядзіце, калі ласка, пра іх больш падрабязна. Як яны паўплывалі на фармаваньне беларускае культуры?”

Анціпенка:

“Яны суіснуюць і дагэтуль, ствараючы шматслаёвую структуру часу. Паганскі каляндар, які пазьней трансфармуецца ў аграрны ці земляробчы каляндар, безумоўна, самы старажытны. Нашыя далёкія продкі відавочна сынхранізавалі сваю жыцьцядзейнасьць з найбольш важнымі прыроднымі падзеямі й цыклямі, а таму ў беларускім народным календары такія сьвяты, як Каляды, Гуканьне вясны, Купальле і больш сціплыя паводле сваіх абрадаў восенскія сьвяты, займалі важнае і істотнае месца. Гэтыя сьвяты насамрэч былі своеасаблівымі маркерамі ці адмецінамі часу, якія адначасова сьведчылі, пазначалі й паказвалі на тое, што ў прыродным атачэньні чалавека адбываліся вельмі важныя зьмены. Пэрыядычнасьць гэтых зьменаў утварала цэлае кола гадавых сьвятаў, а прамежак часу паміж рознымі сьвятамі кожны раз запаўняўся нейкай новай працаю і высілкамі”.

Ракіцкі:

“Традыцыйны каляндар зьвязваў чалавека з прыродаю. А як ён стасаваўся зь вераваньнямі, уяўленьнямі, побытавай сыстэмаю старажытных людзей — з тым, што мы называем культураю?”

Анціпенка:

“Так, традыцыйны каляндар ня толькі зьвязваў чалавека з прыродаю. На ім фактычна была збудаваная і першасная сыстэма культуры беларускага этнасу. У сваёй сутнасьці гэтая культура была сыстэмаю культаў і рытуалаў, адметнасьць якіх ад самага пачатку была зададзена ўнікальнасьцю прыроднага атачэньня і прыродных цыкляў. А паводле свайго прызначэньня гэтая сыстэма была скіраваная на сынхранізацыю калектыўных дзеяньняў і кансалідацыю этнасу як адметнага супольнага ўтварэньня”.

Ракіцкі:

“Калі ўзяць пад увагу лёгіку вашых разважаньняў, спадар Анціпенка, тады неабходна сьцьвердзіць, што ў аснове розных этнасаў ды іхных культураў ляжаць адрозныя і адметныя каляндары…”

Анціпенка:

“Менавіта так, бо розныя этнасы ды іхныя культуры фармаваліся ў непадобных прыродных сыстэмах, і таму кожная традыцыйная культура выпрацоўвала адметны спосаб стасункаў з акаляючым асяродзьдзем і мае свой уласны каляндар, які й задае пэўны тэмпарытм жыцьцядзейнасьці тае ці іншае супольнасьці. Як вынік гэтага — прадстаўнікі розных этнасаў маюць адрозныя, сфармаваныя сваёй культураю тэмпэрамэнты, паводле якіх грузіны адрозьніваюцца ад расейцаў, а італьянскае кіно, як гэта ня дзіўна, не падобнае на кіно ангельскае. Акрамя шмат чаго іншага, менавіта тая ці іншая мадэль часу стварае фэномэн адрознасьці”.

Ракіцкі:

“Ведама, што цягам гісторыі чалавецтва, у тым ліку й беларусаў, календары мяняліся. Якія і калі адбываліся зьмены нашых календароў, чым гэта было абумоўлена і якія мела наступствы?”

Анціпенка:

“Добра вядомы факт, што зь цягам часу традыцыйныя паганскія календары, якія існавалі па ўсёй Эўропе, былі выціснутыя царкоўнымі ці касьцельнымі хрысьціянскімі календарамі. У Беларусі гэта, праўда, быў асабліва працяглы працэс. Тут, я думаю, ня варта засяроджвацца на праблеме двух хрысьціянскіх календароў (я маю на ўвазе Юльянскі й Грыгарыянскі календары)… Сама па сабе — гэта істотная культуралягічная і рэлігійная праблема, а таму будзем проста гаварыць пра хрысьціянскія календары.

Прычына замены паганскіх ці традыцыйна-народных календароў на хрысьціянскі палягае ў крызысе міталягічнага мысьленьня, у крызысе цыклічнае мадэлі часу, якая характэрная для традыцыйных народна-паганскіх календароў, і ўрэшце рэшт, у крызысе замкнёнага сьветабачаньня любой этнічна-паганскае культуры. Традыцыйны каляндар у пэўным сэнсе падпарадкоўвае сабе культуру, гэтая культура замкнёная ў межах цыклічнага часу. У традыцыйных календарах час цячэ па колу. Гэты час ня мае а ні выразна пазначанага вымярэньня будучыні, а ні выразна пазначанага вымярэньня мінуўшчыны. Усё паўтараецца з дакладнасьцю ўзыходаў і заходаў сонца, з дакладнасьцю зьменаў пораў году.

Хрысьціянскі каляндар размыкае цыклічны час і ператварае яго ў лінейны. На лініі гэтага часу такія важнейшыя падзеі, як нараджэньне Хрыста, Ягоны зямны шлях, укрыжаваньне й Другое Прыйсьцё. Ад нараджэньня Хрыстова пачынаецца Новы час, які цячэ зь мінулага празь цяперашняе і ў будучае, якое яскрава вызначанае праз чаканьне другога Прыйсьця. Чалавек і чалавецтва маюць будучыню, і гэтая будучыня іхнага індывідуальнага і калектыўнага жыцьця. Да таго ж, у пачатку, і адначасова ў цэнтры хрысьціянскага календару не прыродныя і не прыродна-містычныя зьявы, а асоба Бога-чалавека. Параўнальна з прыроднымі ці гэтак званымі натуральнымі сыстэмамі вераваньняў хрысціянства выразна “сацыяльная” рэлігія”.

Ракіцкі:

“Але чалавецтва жыве яшчэ й паводле, так бы мовіць, сьвецкіх календароў, зьвязаных з гістарычнымі падзеямі, калі адлік часу пачынаецца з гістарычнае даты. Так, пасьля перамогі Францускае рэвалюцыі ў 1793 годзе быў адменены хрысьціянскі каляндар і ўведзены новы адлік гадоў. Першым днём новай эры стаў дзень абвешчаньня Рэспублікі 22 верасьня 1792 году. У савецкіх календарох новая эра пачыналася з 1917 году. Так і пісалі на лістках каляндароў: “21-ы, 55-ы год Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі”. Значыць, каляндар уваходзіць у ідэалягічную сыстэму дзяржавы, а людзі падпарадкоўваюць яго сваім палітычным мэтам…”

Анціпенка:

“Тое ж зрабіў Лукашэнка.

Сэкулярызаваныя календары ёсьць вынікам разьвіцьця цывілізацыйных працэсаў. Мадэль часу гэтых календароў — гэта мадэль гістарычнага часу, які адзначаецца й пазначаецца тымі ці іншымі гістарычнымі падзеямі ў жыцьці асобных нацыяў, дзяржаваў ці ўсяго чалавецтва. Або гэта таксама мадэль часу, які прамаркераваны вялікімі чалавечымі зьдзяйсьненьнямі, вынаходніцтвамі, вялікімі геаграфічнымі адкрыцьцямі ці войнамі.

Што да наступстваў зьмены розных мадэляў часу, дык іх, напэўна, можна прасачыць у самых розных культурніцкіх і цывілізацыйных зьявах. Адной з падвалінаў сёньняшняе Эўрапейскае культуры й цывілізацыі зьяўляецца менавіта мадэль разамкнёнага, лінейнага часу. Цяжка сабе ўявіць, што бязь веры ў прагрэс ці, йнакш кажучы, у будучыню, якая можа вырашыць пэўныя праблемы чалавека, быў бы магчымы цывілізацыйны прарыў сёньняшняй Эўропы. А мадэль сэкулярызаванага гістарычнага часу ёсьць адным зь істотных вымярэньняў існаваньня сёньняшніх нацыяў”.

Ракіцкі:

“Калі падсумаваць гісторыю зьменаў календароў у Беларусі, зірнуць на ўплыў гэтых працэсаў на культуру нацыі, перакінуць масток у сучасны беларускі кантэкст, дык што мы маем і што мы будзем мець у наступным тысячагодзьдзі?”

Анціпенка:

“Мы жывем у той частцы Эўропы, дзе натуральныя цывілізацыйныя і культурніцкія працэсы былі перарваныя прыкладна з канца XVIII стагодзьдзя. Перадусім гэта быў той час, ад якога ў нашай краіне адбывалася некалькі радыкальных зьменаў календару (або — культурніцкіх матрыцаў часу). Некалькі генэрацыяў беларусаў былі вымушаныя прыстасоўвацца да розных рэлігійных календароў і адпаведна прымаць адрозныя сыстэмы сьветапогляду і арыентацыяў. Няўстойлівасьць і непераемнасьць у сьветапоглядных сыстэмах і адрознасьць зьменлівых часавых матрыцаў між тым зьяўляюцца адной зь істотных прычынаў блякаваньня культуратворчых працэсаў і вяртаньня да рэгрэсіўных і спрымітызаваных формаў культуры. Той факт, што жывы беларускі фальклёр добра захаваўся на пачатку XX стагодзьдзя, на маё разуменьне, сьведчыць ня столькі на карысьць сучаснае беларускае культуры, колькі на карысьць таго, што ён фактычна заставаўся адзінай, хай сабе і ўстойлівай, але спрымітазаванай формаю культуры. Фальклёр, хаця яго й захаваў беларускі этнас, аднак быў цалкам неадпаведны агульнаэўрапейскім задачам нацыятворных працэсаў.

Мадэль сэкулярызаванага або гістарычнага часу амаль да 80-х гадоў нашага стагодзьдзя не была беларускаю. Толькі ў 80-я гады наноў пачынаюцца дасьледаваньні ўласна беларускае гісторыі.

Увогуле ж сёньняшнюю культурніцкую і ў значнай ступені палітычную сытуацыю вызначаюць некалькі супярэчлівых і канкуруючых мадэляў часу: уласна беларуская, савецкая і расейска арыентаваныя сэкулярызаваная і рэлігійная часавыя матрыцы.

На самрэч гэта даволі небясьпечная сытуацыя”.