нататкі

Записки из “глубинки”

Вера Ільючык,
6 кляса, в.Ляды, Чэрвеньскі раён Менскае вобласьці.
Экалягічны роздум

Вакол нашай вёскі вельмі прыгожыя і самабытныя мясьціны. Журавіньнікі цягнуцца на кілямэтры, а чарнічнікі — лапінкамі на дзясяткі гэктараў. А чаго варты грыбны лес!

Мы, дзеці й падлеткі, асабліва любім хадзіць на партызанскія могілкі, да якіх ісьці больш за гадзіну.

Вузкая сьцяжынка вядзе праз балота, а паабапал чахлы сасоньнік, які сужываецца з чарнікаю, брусьнікаю, буякамі. У дажджлівыя гады тут многа вады, і калі йдзеш, прыходзіцца выцягваць ногі з растоптанага торфу, бо людзей тут праходзіць безьліч.

Праз пару кілямэтраў сьцежка выводзіць на пагурак — узвышша, якое цягнецца на хвілінаў пяць хады. Тут расьце верас і сьцежка перакрываецца ягонымі галінамі. Тут сапраўднае верасковае поле. Тут упершыню я зразумела, чаму верасьнем названы першы восеньскі месяц.

А далей лес, дзе з часоў вайны захаваліся партызанскія насьцілы — грэбля. Цяпер тут суха, а ў вайну было непераходна…

На партызанскіх могілках ёсьць мэмарыяльная дошка, дзе ўвекавечаныя прозьвішчы загінуўшых партызан. Прыгожа й задуменна тут.

Лес як бы расступіўся, пакінуўшы роўную пляцоўку — былы партызанскі аэрадром, створаны самой прыродай для падтрымкі мужных сваіх сыноў. Многа людзей сюды прыходзіць: хто ў ягады-грыбы праходзіць міма, хто для ўспамінаў пра мінулае, а хто й таму, што тут вельмі прыгожа. На ўскрайку былога аэрадрому стаіць альтанка, пасярод якой мурашнік. І ад гэтага паселішча вельмі хораша робіцца на душы і весела.

А яшчэ тут чутны скрып — стогн сосен, як плач аб ахвярах вайны.

На працілеглым баку некалькі невялікіх вадаёмаў, з рыбаю, вядома. Адным словам — прыгажосьць!

Людзі, ідучы ў лес, бяруць з сабой ежу, а калі падсілкуюцца, пакідаюць шкляныя пляшкі, часьцей за ўсё разьбітыя, плястмасавыя бутэлькі, слоікі, цэлафанавыя пакеты, абрыўкі паперы. Замест удзячнасьці прыродзе за яе велічную прыгажосьць і цішыню, што стварае добры настрой і лечыць, за яе ягадныя і грыбныя дары чалавек пакідае толькі бруд. А ў лісічкі некаторыя прынаравіліся хадзіць з граблямі (бо вядома, што лісічкі жывуць вялікімі гуртамі) і, шукаючы іх, лясную посьцілку разграбаюць граблямі.

І ўсё гэта не ад таго, што ня ведаюць, што дрэнна робяць, а ад нізкай культуры душы, ня маючай духоўных каштоўнасьцяў, ды абыякавасьці, якая пачалася з абыякавасьці да роднай мовы, Радзімы, непавагі да бацькоў і сябе самога.

А пераадолець гэта можна толькі тады, калі чалавек выхавае ў сабе чалавечы гонар.

Жыве ў нашай вёсцы Юры Георгіевіч Бабіч. Ён працуе настаўнікам гісторыі ў нашай школе і сабраў багаты матэрыял па гісторыі. Юры Георгіевіч ня толькі сапраўдны краязнаўца, эрудыт, але яшчэ й паэт, мастак па дрэву, нястомны вандроўнік. Разам зь ім часта ходзяць у вандроўкі Сяргей Марціновіч, Міша Рыбакоў, Сяргей Мурашка ды іншыя хлопцы. Юры Георгіевіч вучыць іх бачыць незвычайнае ў перапляценьнях сучкоў і галінак дрэваў, ператварыць іх у мастацкія вырабы. У раённым краязнаўчым музэі часта бываюць выставы ягоных работ. Многа сваіх работ ён падарыў школе.

А хата ў Юрыя Георгіевіча — сапраўдная казка. Ля сядзібы настаўнік насадзіў многа відаў розных дрэўцаў і кустоў, прынесеных ім зь лесу. Дрэўцы вырасьлі й стварыўся мініатурны парк, які ўпрыгожвае ня толькі сядзібу Юрыя Георгіевіча, але й нашу вёску.

Урокі, вандроўка, само жыцьцё Юрыя Георгіевіча вучыць нас дабру й разуменьню прыгажосьці.

Як добра, што жыцьцёвыя шляхі перакрыжаваліся з такім цудоўным чалавекам, закаханым у родны край, і гэтую трапяткую закаханасьць ён перадае ў нашыя сэрцы, напаўняючы нашы пачуцьці павагаю да прыроды.

 

А ў наступным нумары вы прачытаеце вялікі артыкул Сьвятланы Бабіч, настаўніцы Лядзенскае СШ.