праект
Возможно ли совмещение природоохранной и образовательной деятельности? Автор статьи считает, что это — наилучший вариант...
Яшчэ раз пра Палесьсе
1997 год. Я лячу на верталёце над Прыпяцьцю з брыгадаю нямецкіх хлопцаў з Гамбурскае тэлевізіі. Пад намі дзікія, не кранутыя чалавекам мясьціны, дзе сярод мора вады бачныя выспы з дубамі й гнёздамі буслоў на іх, да далягляду — яркая зеляніна. Хлопцы хапаліся за галаву ды енчылі: “Колькі праехалі дзяржаваў, а такога відовішча ня бачылі!.. І гэта ў цэнтры Эўропы! Гэта ж “Амазонка” пад бокам “штучнай” Эўропы!..”
Праз год прывезьлі яны сваю стужку ў Інстытут заалёгіі Акадэміі Навук. Першыя ейныя кадры: нямецкія самалёты бамбяць у 1941 годзе Беларусь, потым ідуць загубленыя рэкі Нямеччыны з чорнай вадою бяз дрэўца й кусьціка на берагох. Пасьля такіх жудасных кадраў ідзе панарама поймы Прыпяці зь верталёту. Аўдыторыя з навукоўцаў пры гэтым выдыхае: “Вось гэта цуд!”, хаця самі не аднойчы прайшлі гэтыя балоты.
Цераз кінастужку мы глянулі на нашае Палесьсе як бы з боку і бязьмежна зьдзівіліся. Маем такую прыгажосьць і каштоўнасьць і мала ўсьведамляем гэта. Мала таго, зьдзіраем з гэтае зямлі яе натуральны покрыў, асушаем рэчкі ды азёры. За ўсім гэтым сыходзіць сьвет натуральнае прыроды і спрадвечны лад жыцьця палешукоў. Глядзець на ўсё гэта цяжка й сумна.
Вядома, жыцьцё не стаіць на месцы, і палешукоў трэба выцягваць з багны ў сьвет, але ж не такімі маштабнымі дзеяньнямі, як меліярацыя ў апошнія дзесяцігодзьдзі.
На сёньня асушана каля 2 млн. гэктараў балот і забалочаных зямель. З гэтым загублена мноства водных угодзьдзяў, месцаў жыцьця зьвяроў і птушак, сотні гэктараў тарфянікаў ператварыліся ў бясплодныя пяскі. Уся гэтая махіна цяпер дае збой з-за адсутнасьці сродкаў і шмат якія асушаныя балоты зноў зарастаюць кустоўем і гэта добра.
Тыя міжнародныя канфэрэнцыі, што праходзілі ў Менску й на Палесьсі з 1997 году, дзе гаварылася пра ўнікальнасьць гэтага краю, далі свой плён. У 1998–99 гг. Рада міністраў прыняла пастанову ў стварэньні ляндшафтавых заказьнікаў “Сярэдняя Прыпяць” на плошчы 90.477 гэктараў і “Альманскія балоты” на плошчы 94.219 гэктараў, а ўвогуле за апошнія 10 гадоў у Берасьцейскай вобласьці створана дзевяць заказьнікаў рэспубліканскага значэньня на плошчы 55.231 гэктараў. Гэтага ня мала, і вельмі добра.
Але я бачу ўсё ж асноўны напрамак экалягічнае дзейнасьці ў іншым. Трэба глядзець на пэрспэктыву і ўсур’ёз брацца за экалягічную адукацыю моладзі. У іхных руках будучае нашае зямлі.
Прыводжу прыклад, як гэта трэба рабіць.
Пінск. Станцыя юнатаў. Яе наведваюць 900 школьнікаў. Гэта армія, якая можа горы зьвярнуць, пры тым дабрахвотная.
Частку зь іх: эколягаў, батанікаў і заолягаў задзейнічаць у правядзеньні практычнае работы ў абгрунтаваньню новае ахоўнае тэрыторыі ў раёне. Да працы падключыць супрацоўнікаў інстытутаў заалёгіі і батанікі Нацыянальнай Акадэміі навук, як кансультантаў.
Што будзем мець:
1. Занятыя ўлетку дзеці.
2. Уменьне імі распазнаваць расьлінны й жывёльны сьвет.
3. Моладзь будзе ведаць тэхналёгію стварэньня ахоўнае тэрыторыі.
4. Абгрунтаваная справаздача пра гэтую тэрыторыю.
5. Відэастужка “Ляснымі сьцежкамі Палесься”.
6. Бюлетэнь з артыкуламі дзяцей.Для асьвятленьня працы падключыць мясцовыя газэты й тэлевізію.
Што можна лепшае прыдумаць?
У мяне такі праект ёсьць і спадзяюся ў наступным годзе яго зьдзейсьніць.
Аляксей Дуброўскі
225710 г. Пінск, вул. Студэнцкая, 3-52
т.сл. 2-44-56, х. 3-40-53