пазыцыя
Общеодобренная позиция INPEG, принятая в связи с сентябрьским саммитом Всемирного Банка и Международного Валютного Фонда.
Прага 2000
Агульнаўхваленая пазыцыя Ініцыятывы Супраць Эканамічнай Глябалізацыі, прынятая ў сувязі з самітам Сьветнага Банку і Міжнароднага Валютнага Фонду ў Празе
Каля дваццаці тысячаў банкіраў, эканамістаў ды інвэстараў прыедзе 26-28 верасьня ў Прагу, каб узяць удзел у 55-й штогадовай сустрэчы групы Сьветнага Банку (СБ) і Рады дырэктароў Міжнароднага Валютнага Фонду (МВФ). Гэтая прэстыжная падзея ў жыцьці ўсясьветнай эканамічнай эліты — першая падобная акцыя ў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе, і таму асабліва важна. Удзельнікі сустрэчы на вышнім роўні зьбяруцца, каб прапанаваць схэму канчатковае лібэралізацыі сьветнай эканомікі, якая, на іхнае меркаваньне, ёсьць адзіным рашэньнем праблемаў сьвету.
Мы не прытрымліваемся гэткае думкі. Наадварот, мы лічым, што эканамічная глябалізацыя ў кантэксьце з палітыкаю СБ і МВФ ёсьць асноўнай прычынаю сур’ёзных праблемаў сьвету, а зусім ня шанцам для бальшыні людзей, што жыве ў галечы, і не магчымасьцю адхіліцца ад глябальнага эканамічнага крышу. Гэтая сустрэча ёсьць выклікам для тых, хто заклапочаны лёсам сёньняшняга сьвету, які вось ужо больш за 50 гадоў знаходзіцца пад нэгатыўным уплывам МВФ і СБ. У зьвязку з гэтым мы нагадваем, што правядзеньне сустрэчы на вышнім роўні будзе каштаваць бюджэту больш за 935 мільёнаў карун чэскіх — грошы, што так дужа неабходныя для сацыяльных праграмаў, мэдычнага абслугоўваньня, адукацыi, аховы навакольля і г.д.
У працэсе эканамічнае глябалізацыі, што патрабуе няспыннага памяншэньня ўплыву дзяржавы на цыркуляцыю транснацыянальнага капіталу, абедзьве ўстановы гуляюць значныя ролі. Праз сваю эканамічную палітыку СБ зь ягонымі групамі ды МВФ адкрываюць разьвіваючыяся краіны (сярод якіх яны таксама лічаць і Чэскую Рэспубліку, сыходзячы зь ейнага ВНП — валавага нацыянальнага прадукту) замежным інвэстарам ды іхным спэкулятыўным інтарэсам.
І МВФ, і СБ адкрыта прызнаюць, што кіруюцца выключна эканамічнай выгодаю, і таму ахвотна падтрымліваюць аўтарытарныя й дыктатарскія рэжымы. Ня дзіва, што гэтыя ўстановы самі не зьяўляюцца дэмакратычнымі: правы прыняцьця рашэньняў асобнымі ўдзельнікамі ёсьць прапарцыянальнымi памерам іхных інвэстыцыяў паводле прынцыпу “больш даляраў — большае права голасу”.
У межах гэтак званае праграмы сацыяльнага ўрэгуляваньня, МВФ і СБ вызначаюць канкрэтныя ўмовы забесьпячэньня разьвіваючыхся краінаў пазыкамі: дэрэгуляцыя, лібэралізацыя і прыватызацыя. Гэтыя захады замацоўваюць пазыцыю транснацыянальнага капіталу, але пагаршаюць становішча бальшыні жыхароў у краінах, што разьвіваюцца. Ліквідацыя сацыяльных і экалягічных прадпісаньняў (якія могуць “астудзіць” інвэстараў) і скарачэньне грамадзкіх выдаткаў маюць вынікам недасягальнасьць мэдычных паслугаў і адукацыі, рэзкае павелічэньне кошту жыцьця, скарачэньне працоўных месцаў ці беспрацоўе і ўшчамленьне правоў прафсаюзаў.
Уплыў на сельскую гаспадарку асабліва разбуральны: прыпыняецца вытворчасьць дзеля ўласнага спажываньня, а замест гэтага краіны змушваюцца вырошчваць монакультуры на экспарт, што вядзе да перабояў з прадуктамі, а ў асобных краінах — нават голаду. Уплыў дзейнасьці МВФ і СБ на экалёгію таксама проста трагічны — мегаламаніякальныя праекты СБ прыводзяць да разбурэньня лякальных экасыстэмаў і прымусовага перасяленьня мільёнаў людзей.
Галоўнай мэтаю гэтых праграмаў ёсьць дазваленьне на ўваход замежнага спэкулятыўнага капіталу, які не спрыяе стварэньню аніякіх каштоўнасьцяў. Яны толькі цалкам выкарыстоўваюць адсутнасьць сацыяльных і экалягічных абмежаваньняў, бяруць пад кантроль рынак і часам разбураюць цэлыя галіны індустрыі. Таму й не прыводзяць парады МВФ і СБ да абяцанага ўздыму ў эканоміцы. Адзінае, што застаецца пасьля іхнага ўкараненьня — велізарныя даўгі, а для таго, каб стрымліваць іхнае павелічэньне, асобным краінам давядзецца плаціць кругленькія сумы паводле адсоткаў за амартызацыю. Таму аргумэнты, што паказваюць на павелічэньне памеру замежных інвэстыцыяў гучаць няшчыра й непераканаўча.
Сёньня прыкладна 40 тысячаў сяброў сьветнай фінансавай алігархіі кантралююць 80 адсоткаў усясьветнага гандлю. Маёмасьць 200 найбагацейшых людзей складае больш за 41 адсотак агульнага даходу жыхароў сьвету. Больш за 250 мільёнаў дзяцей мусяць працаваць ў нечалавечых умовах дзеля таго, каб выжыць. Каля 17 мільёнаў дзяцей штогод памірае ад хваробаў, якія лёгка было б вылячыць. Адчайнае становішча сёньняшняга сьветнага супольніцтва ня ёсьць натуральным — гэта проста лягічны вынік сыстэмы, у якой павелічэньне прыбыткаў найбагацейшых зьяўляецца адзінай шанаванай каштоўнасьцю.
Мы ня верым, што можам супрацьстаяць гэтай тэндэнцыі толькі “апрацоўваньнем” такіх фундацыяў, як МВФ і СБ. Мы значна болей спадзяемся на рух “зь нізоў”, у якiм бы бралі ўдзел розныя групы кшталту прафсаюзаў, згуртаваньняў беспрацоўных, мала- й безьзямельных сялянаў, экалягічных ініцыятываў, радыкальных дэмакратычных палітычных арганізацяў і г.д. На наш погляд, неабходна тэрмiнова знайсьці альтэрнатыву сучаснай сацыяльнай мадэлі. Аднак мы ня думаем, што трэба супрацьстаяць глябалізацыі абарончай палітыкаю дзяржаваў, якія ўжо паказалі, як яхвотна яны саступаюць транснацыянальным карпарацыям. На нашую думку, добрай альтэрнатываю можа стацца грамадзтва, што клапоціцца пра прыбыткі не для мяншыні, а пра надзённыя патрэбы ўсіх і грунтуецца на прынцыпах салідарнасьці, узаемадапамогі й трывалкога разьвіцьця. Нягледзячы на тое, што наш погляд на паходжаньне сур’ёзных праблемаў сучаснасьці і спосабы іхнага вырашэньня не супадаюць, мы ўспрымаем верасьнёўскі саміт МВФ і СБ як неабходную прыступку на агульнай палітычнай плятформе і заснавалі Ініцыятыву Супраць Эканамічнае Глябалізацыі – Прага 2000. Ініцыятыва не зьяўляецца новай арганізацыяй з самастойнай праграмаю, а хутчэй ёсьць дэмакратычным інструмэнтам для каардынацыі і камунікацыі паміж разнастайнымі згуртаваньнямі, што зьбіраюцца процістаяць саміту МВФ і СБ. Гэтая ініцыятыва мусіць стварыць вялікую публічнасьць акцыям, зарганізаваным гэтымі згуртаваньнямі. Разам мы здольныя арганізаваць пратэсты, лекцыі, адукацыйныя і культурныя падзеі.
Галоўнай падзеяй мае стацца процi-саміт, на якім будуць абмяркоўвацца спэцыфічныя і шкодныя аспэкты эканамічнае глябалізацыі, а таксама будзе разглядацца пошук магчымых альтэрнатываў.
Ініцыятыва Супраць Эканамічнае Глябалізацыі – Прага 2000 запрашае ўсіх лібэральна скіраваных асобаў і суполак, якія б хацелі выказаць свае меркаваньні наконт саміту МВФ і СБ. Мы прапануем толькі агульную плятформу ініцыятывы, якая, захоўваючы аўтаномiю праграмаў асобных групаў, толькі ўзмацняе іх. Фундацыi, якія выступаюць за эканамiчную глябалiзацыю, сустракаюць усё большае супрацьстаяньне шырокiх колаў грамадзкасьці. Дык няхай жа голас нашых пратэстаў адгукнецца і ў Празе. Давайце сустракаць глябалізацыю капiталу глябалізацыяй салідарнасьці.
Падтрымка ці згода з агульна прынятай пазыцыяй Ініцыятывы Супраць Эканамічнае Глябалізацыі – Прага 2000 можа быць выказана празь e-mail на адрэсу antimmr@hotmail.com. Мы таксама вітаем любую інфармацыю пра тое, якім чынам Вы можаце дапамагчы. Гэта тычыцца таксама распаўсюджваньня гэтае заявы. Больш падрабязную інфармацыю Вы можаце знайсьці на сайце http://www.ecn.cz/inpeg
Пераклад Ліяны Бурцавай