інтэрвію

Интервью Паши — одного из участников акций на пражских улицах.
Беседа за чаем, пивом, костылём и фотографиями.

Беларусы ў Празе
Інтэрвію аднаго з удзельнікаў праскага “гарачага верасьня” 2000

Паша
— Увогуле, гэтая выправа была ўся зь нейкімі прыгодамі. Нас ехала дванаццаць — восем зь Менску, пад’ехаў хлопец з Магілеву й тры хлопцы — з Горадні. Вось сабраліся на аўтавакзале, добры настрой ва ўсіх, аўтобусы ўсё з замежнымі нумарамі езьдзяць… — жартуем, можа гэта наш, можа той… Ну, наш усё ня едзе, кажуць — спазьняецца на 15 хвілінаў. Потым праз гадзіну кажуць, што “зьняты” рэйс. Так вось перад праскімі акцыямі зь Беларусі ў Чэхі аўтобусны рух быў спынены. Згубілі шмат часу…

Паехалі іншым маршрутам — праз Польшчу, “перакладнымі” цягнікамі. Гэтак выехалі ўвечары на Варшаву, там уранку пераселі на ўроцлаўскі, і з Уроцлава а палове на трэцюю паехалі проста на Прагу, і там былі ў панядзелак увечары.

У Празе паблізу ад цэнтру ёсьць сквот “Мелада”, там мы й загасьцявалі. Сквот “Мелада” — гэта закінуты будынак, які засквоцілі анархісты й гаспадараць там ужо больш за пяць гадоў. Жыхароў там прыблізна 9 чалавек, якія “напастаянку” там жывуць. Дом трохпавярховы з (падвалам), і мансардаў тры роўні. На першых двух паверхах там вокны закраткаваныя, бо нацыкі колькі атакаў рабілі, з таго, што анархісты ў будынку гаспадараць…

Макс
— І як прыехалі, півам затарыліся…

Паша
— Ну, гэта Лёлік ураніцу пайшоў бутэлькі здаваць: 6 бутэлек здаеш — бяры адну поўную…

“Мелада” дарэчы, уся была “забітая” напоўніцу, там яшчэ палякі начавалі. Перад акцыяй ды й потым спэцагэнты ўсё вакол хадзілі, але нікога не затрымлівалі перад акцыямі, бо праскія ўлады хацелі, каб гэта была першая такая канфэрэнцыя без інцыдэнтаў, без сутычак… Як прыклад.

Макс
— Але ж рыхтаваліся да гэтага?..

Паша
— Былі добра падрыхтаваныя. Паліцыя нават закупіла новую апаратуру. Кучу “бабак” на гэта выкінулі, тэлевізія чэская паведамляла, што 2 мільярды карунаў.

Макс
— А супрацьлеглы бок… Як зарганізоўваліся?

Паша
— Быў каардынацыйны цэнтар, была старонка ў інтэрнэце, але трымаліся пераважна аўтаномнымі групамі. Быў там агульны лягер пад намётамі на стадыёне, разьлічаным на 3 тысячы чалавек. Мы ў гэтым лягеры не былі, але недалёка ад “Мелады” і ў 20-ці хвілінах пешку ад цэнтру была арэндаваная фабрыка, якая пуставала, — два злучаныя цэхі фірмы “Koberce”. Арганізатары дамовіліся, што ў гэты дзень паліцыя сюды не заходзіць, зьбіраюцца да дзясятае гадзіны, усё самі кантралююць. Тут вялася падрыхтоўка, і зьмяшчаўся каардынацыйны цэнтар “за дзень”, дзе зьбіраліся людзі, каб абмеркаваць заўтрашнюю акцыю, — тыя менавіта, хто плянаваў удзельнічаць у радыкальных акцыях. Тут зьбіралася прыкладна 4 тысячы. Кожны займаўся сваёй справаю. Хтосьці кухарыў…

І, дарэчы, вельмі добра было наладжанае харчаваньне, ты ведаеш… Кухня была вегэтарыянская. І чын такі: порцыя каштуе каля 50 карунаў, калі ў цябе няма іх — можаш нічога й не кідаць. Вось і стаіць такая чарга даўгая…

А хтосьці займаўся падрыхтоўкаю да саміх акцыяў: сьцягі ладзіў, бразготкі ўсялякія. Канешне, некалькі раз мы бачылі як побач праходзіла паліцыя, але так — з усьмешкамі на тварах.

У самім будынку былі вывешаныя ўжо схэматычныя пляны на мапе Прагі, ужо было пазначана, дзе якая калёна й куды яна пойдзе. Было пазначана, што ўсе зьбіраюцца а 12-й гадзіне на пляцы Міру ў калёны і потым ужо рушаць да мэты — Палацу кангрэсаў, дзе й праходзіла сустрэча фінансыстаў. Асноўнай праблемаю было прайсьці праз масты. Паводле чэхаў, ужо за тыдзень да зьезду паліцыя ўзяла пад пільны кантроль усе масты.

Макс
— І як пачынаўся дзень акцыяў?

Паша
— Мы вырашылі з палякамі, якіх было прыкладна 300 чалавек, ды колькі чэхаў — гэтакай масаю — у мэтро да пляцу Міру. А там ужо зьбіраўся народ, дзяліўся на групоўкі: паводле краінаў, паводле фракцыяў.

Было 3 калёны з дакладна вызначанымі маршрутамі руху і дзеля арыентацыі вылучаныя колерамі — надзіманымі балёнамі з геліям, ды асноўнымі элемэнтамі аздабленьня. “Блакітная” калёна — анархісты, “жоўтая” — прафэсійныя зьвязы й камуністы-сталіністы, “ружовая” — сэксуальныя мяншыні й прыхільнікі негвалтоўных акцыяў. У “жоўтай” калёне вылучаліся італьянцы, якія мелі белыя камбінэзоны з падкладкамі з паралёны (“дзясяткі” ці “дваццаткі”). Спачатку мы думалі, што гэта збольшага такія тэатралізаваныя касьцюмы… А потым даведаліся, што “жоўтую” калёну вельмі востра сустракалі…

Макс
— Цікава... Група прарыву? Мы яшчэ не дадумаліся да падобнай амуніцыі...

Паша
— Сапраўды. А тыя — мелі яшчэ розныя моцныя бандажы, шчыткі, каб захінацца ад дубінак мянтоўскіх. Розныя балёны надзіманыя, сабраныя ў поліэтылен… А ўвогуле, калёны былі кшталту тэатралізаванага шэсьця.

Ля “жоўтай” калёны сталіністы раздавалі плякаты, вельмі шмат іх было падрыхтавана.

Мы стаім, піўко пацягваем, чуем — гукі музыкі набліжаюцца. Самба “ружовая”… Гэтая калёна была з элемэнтамі пэрформансу, і народу ў ёй было няшмат, чалавек 600, але аформленая прыгожа. Наперадзе йшла дзеўчына, вось тут бачна на фота. … І яшчэ яны зрабілі ружовы “танк” — прыгожы, з усьмешкаю — і кацілі яго. Самба йшла, прыватныя гаспадары зачынялі свае крамкі на гэты момант, шыльдачкі вісяць “zavreno”... з вокнаў толькі выглядаюць — сустракаюць, значыць.

У “блакітнай” калёне быў добра заўважны вялізны блакітны шар — сымбаль Зямлі — які кацілі пад час руху калёны вельмі доўга. Увогуле, шмат было прадуманых рэчаў — той жа шар скарысталі пад час сутычкі з паліцыяй. За ім хаваліся ад вадамёту, чалавек 15 магло за ім стаць і іх вадою ня зносіла, у той час, як на флянгах адступалі… Той шар быў зроблены зь некалькіх слаёў моцнага поліэтылену на каркасе, і струменем з вадамёту не прабіваўся. А ўсялякія рэчы з кардону скарыстоўваліся ў абароне ад паліцыйных дубінак. шмат хто меў рэсьпіратары й супрацьгазы.

Ужо на дальніх падыходах да Кангрэсавага палацу паліцыя перакрыла вуліцы ва ўсіх кірунках, якімі можна было падыйсьці да гэтага будынку. Мы так і не дайшлі, нават праз Вэлтаву не прарваліся. Як нашая “блакітная” калёна падыйшла да паліцыйнае заслоны, недзе хвіліны тры панавала зацішша… Потым у галаву калёны выйшаў аркэстар бубначоў, задаў рытм, маўляў, “Хлопцы, наперад!”... Адпачатку былі вызначаныя людзі, якія лёгка, прафэсійна пачуваюць сябе ў гэткіх справах, адпаведна, як той казаў, укамплектаваныя і падрыхтаваныя — супрацьгазы нацягнулі, камбезы брэзэнтавыя зашпілілі й наперад — палкамі адразу херачыць мянтоў... Дарэчы, там адразу быў ня вельмі моцны кардон напачатку…

Макс
— Паліцыянты скарыстоўвалі газ ды вадамёты, ці яшчэ што?

Паша
— Газ, пэтарды й вадамёты. Пэтарды быццам касэтныя — падае, разрываецца, зь яе вылятае яшчэ колькі й тады выбухаюць. І ўжо проста не разумееш, адкуль што страляе. Людзі, якія рыхтаваліся, мелі акуляры адмысловыя, маскі, супрацьгазы. Аднаму паляку з Фэдэрацыі Зялёных пэтардаю пашкодзілі вока.

Ну й каменьнем паліцыянты адкідваліся таксама. Камяні лёталі з абодвух бакоў.

…Недзе, за гадзіну цягнулася гэтая бойка. Там з аднаго боку вуліцы ўзгорак быў, лесам парослы. Спачатку там лазілі, каменьне шукалі, ці яшчэ якую зброю, потым даўмеліся брук на вуліцы разьбіраць (вельмі зручна, дарэчы). А на ўзгорку шмат людзей пасела, падсілкоўваліся там, мінэралку пацягвалі, ды назіралі за штурмам, і, адпачыўшы, у бойку вярталіся — на зьмену тым, хто ўжо стамляўся.

Наладжаная была пастаўка на “перадавую” каменьня. Скарысталі плястыкавыя сьметніцы, што стаялі паўсюль на вуліцах. Былі хлопцы, якія кантрэтна гэтым займаліся, так бы мовіць, разьмеркаваньне занятасьці. Усе канкрэтна па сытуацыі дзейнічалі.

Адпачатку паліцыйны кардон быў ня моцны, а потым, паглядзеўшы, што дэманстранты могуць прарвацца, падагналі яшчэ паліцыі, тры вадамёты пад’ехалі. Пачалі страляць газавымі гранатамі. І тактыка ў іх, ведаеш, такая была — стаяць і ўзяць ізморам. Заліць усіх вадою, затруціць газам… Потым ужо прыехала спэцгрупа й пачала разгон. А перад гэтым паліцыянты паступова перакрывалі паралельную вуліцу й прасоўваліся, каб нас атачыць.

Італьянцы (пераважна) збудавалі барыкаду й падпалілі. Дарэчы, ня вельмі эфэктыўна выйшла. Паліцыянты умацоўваліся на флянгах, вывелі наперад гэты спэцаддзел і вадамёты й пайшлі ў атаку.

…Шмат людзей ня бралі ўдзелу ў радыкальных дзеяньнях. На вуліцы й на ўзгорку прыкладна 2.000 чалавек лупіліся, і яшчэ тысячаў 5-6 проста стаялі побач, адпачывалі, назіралі, здымалі…

Побач чыгунка праходзіла. Як нас пагналі з вуліцы, дык пачалі выціскаць на рэйкі, дзе стаяў цягнік з цыстэрнаў. Вось уяві сабе — 2.000 чалавек праціскаюцца… Там плот стаяў з дроту, яго проста зьмялі. Небясьпечная сытуацыя была — спэцаддзел кінуўся ўроссып, у натоўпе пачаўся хаос ды блізкі да панікі стан, бо супраць гэтых ужо й каменьне не дапаможа…

Вось 2 тысячы чалавек прашчаміліся праз цыстэрны. А складанасьць была ў тым, што па суседнім рэйкам ехаў цягнік! Ён гудзеў, халера-маць, так гудзеў!.. А людзі вылазяць з-пад вагонаў, нехта праз гэтыя рэйкі перабягае… Мы сталі ланцугом, трымаем тых, хто з-пад вагонаў вылузваецца, каб ня трапіў пад цягнік.

Цягнік праехаў. Мы перайшлі далей, на іншую вуліцу, перакрылі яе — гэта вельмі проста робіцца, там такія кантэйнэры жалезныя былі. Дарэчы, у першы раз бачыў, як ламаюцца вялізныя шчыты надворнае рэклямы. Чалавек пяць шчыт хістаюць, потым ззаду яшчэ навальваюцца, і хы-ы-ып…

Да гэтага часу асноўную масу дэманстрантаў разагналі, яны разьбіліся на групоўкі па 300-400 чалавек, і ўжо стыхійна разыйшліся па Празе.

Макс
— Яны не спрабавалі прарвацца далей да Кангрэсавага цэнтру?

Паша
— Не. Не было сэнсу: тут стаяў кардон, ад цэнтру йшлі мянты… Гэта было вельмі цяжка ды й народ ня быў нагэтулькі падрыхтаваны. Калі там на ўзгорку італьянцы палівалі кактэйлямі (“кактэйлі Молатава”, — Рэд.), дык тут ужо проста немажліва было йсьці на адкрытую канфрантацыю.

Макс
— І што вы рабілі?

Паша
— Як перайшлі чыгунку, пачалі ставіць барыкады, каб перашкодзіць хуткаму перасоўваньню паліцыянтаў. Так вось і перахадзілі ад адной барыкады да іншай. Іх не трымалі, бо далей ішлі паліцыянты, якія вінцілі людзей, там і аўтобусы былі адмысловыя за імі.

Цікавы быў адзін момант, калі з вакна адна бабулька дэманстрантам нейкія цукеркі кідала… А дарэчы, чэхі распавядалі, што ўжо колькі месяцаў тэлевізія апрацоўку праводзіла, што на дэманстрацыю зьбяруцца ну проста бандыты, нелюдзі…

Усё гэта выглядала й нібыта сур’ёзна — адкрыты канфлікт, бойкі, а нібыта й не — народ так пакідаў каменьне, пайшоў, піўка ўзяў, пад’есьці ў крамку ці бар зайшоў, глядзіш, хтосьці сядзіць на бардзюры, папівае сок, булку нейкую грызе. Сябры там змагаюцца, потым прыходзяць самі перакусіць, а ён — ім на зьмену…

Вось якраз на той вуліцы, дзе будавалі некалькі барыкадаў, мяне й “падбілі”. Умацоўвалі чарговую барыкаду зь “big-board’аў”, і тут чую нейкі скрыгат за плячыма, пасьпеў толькі азірнуцца — бачу, ляціць на мяне белая машына… Адскочыць толькі пасьпеў, але і ён пасьпеў мяне зачапіць крылом. Ён далей паляцеў, а я перакуліўся пару раз, ляжу й гляджу, як народ каменьнем у гэтага сукіна сына... Што там зь ім далей было, ня ведаю, але камянёвы дождж на ягоную машыну памятаю.

Тут як раз паліцыя чарговы наступ пачала. Стрэлы, газ. Мяне нясуць. Зацягнулі ў нейкую маленечкую кавярню, наклалі бандаж ды выклікалі хуткую.

Як прыехала хуткая — пачаліся яшчэ адныя прыгоды. Едзем, запытваюць пашпарт, адкуль, ці грошы ёсьць… Перапытваю: колькі трэба? Лекар палічыў нешта, кажа: 10 даляраў. Ну, такія былі, але адказваю: няма. Ён кажа: добра, едзем. Прывозяць мяне ў шпіталь бліжэйшы. Пашпарт забралі, нейкія блянкі запаўняюць. Ходзяць лекары навокал — дэманстранта прывезьлі, дэманстранта… І ніхто мною не займаецца. А баліць нага!.. Ну нарэшце адзін лекар падыйшоў, паглядзеў, на рэнтгэн адправіў. Нічога ня ўгледзелі, другі раз на рэнтгэн. І пачалося — ці маеш, хлопец, якія грошы? Налічылі мне 4.000 карунаў (~$100, — Рэд.). Прыкідваюся, што не разумею… Але мусіў падпісаць ім паперу, бо ж нага!.. У такім стане, скурвлены ўвогуле, дэбільная сытуацыя — праклінаў усё. Ну аформілі мяне, наклалі гіпс, ды кажуць: калі маеш якіх знаёмых у Празе, дык звані — тут ня можаш заставацца.

А нам раздалі паперкі, на якіх былі тэлефоны праваабаронцаў, ды на руках мы маркерамі запісвалі тэлефоны, па якіх можна было зьвяртацца па дапамогу. Нарэшце адзін з праваабаронцаў забраў мяне з шпіталю й завёз на сквот, але іншы — “Паперню”. А потым я ўжо й да “Мэляды” дабраўся. Прапусьціў такім чынам 2 дні, але ў гэтыя дні буйных акцыяў ужо не было.

А ў першы дзень увечары грамілі McDonald’s і краму Mercedes-а, але беларусы туды не дайшлі. Затым ужо ўсё сьціхла, бо ўвесь горад быў пад мянтамі. Цэнтар кішэў паліцыяй, нават на Карлаў мост зайсьці было небясьпечна…

Макс
— Зь беларусаў у паліцыю ніхто ня трапіў?

Паша
— Не. А ўвогуле ў першы дзень затрымалі недзе 40 чалавек. Як апісвалі ческія газэты, палякі былі найбольш радыкальнымі, разам з італьянцамі. У апошнія два дні масавых акцыяў ужо не было, бо на наступны дзень на пляцы Міру завінцілі 400–500 удзельнікаў дэманстрацыі.

Макс
— Не шкадуеш, што “паклаў сваё здароўе” на вуліцах Прагі?..

Паша
— Не. Ехаў паўдзельнічаць, пабрацца досьведу. Бо ў Беларусі... з такімі акцыямі можна параўнаць, ну, хіба, Чарнобыльскія шляхі... А трэба скарыстоўваць, вулічныя акцыі ў нас яшчэ не таго роўню.

У Празе я бачыў, як у сілавых акцыях удзельнічалі да 3 тысячаў чалавек. Была добра наладжаная мэдычная дапамога (ад таго ж газу вочы прамыць, да прыкладу), праўная падтрымка, сувязь... І пры тым, усё было весела, на расслабоне, зь перакусамі...

Інтэрвію браў Макс Капран
фота Пашыны