акцыя
Перед началом основных акций протеста против политики глобализации в Праге беларуские анархисты провели акцию солидарности в Менске и засквотили на 1 час здание в 200 метрах от Дома правительства.
“Захоп Прасторы”
Паводле панядзелкавага эфіру Радыё Рацыя, 25 верасьня.
24 верасьня ў Менску Фэдэрацыя анархістаў Беларусі ладзіла акцыю “Захоп Прасторы”. Акцыя была прымеркаваная да маніфэстацыяў, якія ладзяцца ў Празе супраць Міжнароднага Валютнага Фонду. “Захоп Прасторы” ўяўляў зь сябе антыкапіталістычны пэрформанс, сольны выступ лідэра гарадзенскага гурту “Diviation” Стаса Пачобута, а таксама маляваньне пацыфісцкіх і антыбуржуазных графіці. Дзея адбывалася ў кінутым будынку на рагу вуліцы Мясьнікова й Нямігі.
“Захоп Прасторы” пратрываў менш за гадзіну. Імпрэза мела таксама назву “Акупацыя”, і гэтае слова было намаляванае на чырвоным сьцягу, якія вісеў на гаўбцы будынку.
На пачатку 15-е гадзіны ў будынку назьбіралася каля 50-ці маладых людзей, бальшыня школьнага веку. Панавала атмасфэра гармідару, весялосьці і ўзьнёсласьці. “Захоп Прасторы” — гэта першая ў гісторыі Беларусі акцыя, якая ў Эўропе даўна распаўсюджаная пад назовам “скватаваньне”. Сквот — гэта захоплены пад жытло будынак, які пустуе.
Зрэшты, беларускія анархісты ад пачатку не зьбіраліся жытлаваць у пустым доме. “Захоп Прасторы” быў прадстаўлены як культурна-рэвалюцыйная акцыя супраць рэчаіснасьці, у якой усё залежыць ад колькасьці грошай. Па-другое, гэта акцыя салідарнасьці з анархістамі й левакамі, якія на вуліцах Прагі робяць масавыя беспарадкі супраць Сьветнага Банку й Міжнароднага Валютнага Фонду. Як мяркуе адзін з удзельнікаў Стас Пачобут, сёньня Беларусь моцна залежыць ад расейскіх карпарацыяў — прадстаўнікоў сьветнага капіталу:
“А зараз на тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць карпарацыі: такія як “Лукойл”, такія як “Газпром”, якія маюць узьдзеяньне на палітыку нутраную і вонкавую Беларусі. Таму на дадзены момант Беларусь — гэта не самастойная дзяржава”.
За лічаныя хвіліны сьцены сквоту былі размаляваныя канцэптуальнымі лёзунгамі кшталту “Вярні сабе свой горад!”, “Чалавек можа ўсё!”, “Хопіць выжываць, прыйшоў час жыць!” ды іншымі.
Вось як пракамэнтавала тое, што адбывалася наўкола, Наста Неказакава:
“Происходит захват помещения. Вот то, что сейчас творится, — этот разброд, шатание, грохот, звон стёкол — это всё освоение помещения. Чтобы помещение было пригодно для жилища, его нужно привести в соответствие со своими вкусами”.
Іншыя ўдзельнікі мяркуюць:
“Дом — супер, согласись. Было бы замечательное место для каких-то концертов, театров. Прекрасный был бы культурный центр”.
Пасьля таго, як памяшканьне было больш-менш спарадкаванае адпаведна густаў анархістаў, Стас Пачобут абвясьціў пачатак імпрэзы:
“Внимание! На данный момент здесь происходит акция “Акупацыя”. На данный момент в нашем обществе мы видим такую тенденцию, что деньги значат всё. А культура, искусство — это всё превращается в придатки денег. То есть — продажная сволота. Эта акция является акцией протеста. Краски, стены — всё ваше: каждый творит, как видит. Каждый делает, как хочет. Всем “Ура!”. Анархия здесь и сейчас!..”
Сьледам лідэр гурту “Diviation” Стас Пачобут даў невялікі сольны канцэрт. Адначасова ў іншых памяшканьнях ладзіліся міні-пэрформансы, напрыклад, мастацкі шум.
Урэшце а 15-й гадзіне, у момант, калі ўдзельнікі “Захопу Прасторы” пакідалі будынак і замыкалі дзьверы, на Насту Неказакаву напаў мужчына ў цывільным і справакаваў бойку. Чакаўшыя міліцыянты пачалі хапаць усіх без разбору, зьбіваць, у тым ліку непаўнагадовых дзяўчат.
У выніку былі затрыманыя непаўнагадовая Воля Мартыненка, Наста Неказакава, Стас Пачобут, Юра Шульган. А фотакарэспандэнту “Нашай Свабоды” Ўладзімеру Шлапаку і апэратару “8 каналу” сапсавалі стужкі. Маёр, які кіраваў затрыманьнем, заявіў, што журналісты мусяць асьвятляць толькі дазволеныя дзяржаваю падзеі.
Пяцёх удзельнікаў пэрформансу “Захоп Прасторы” зьвінавацілі ў хуліганстве.
Паводле рэпартажу
Севярына Квяткоўскага
Radyjo Racyja http://www.racyja.pl