думка

Палітыка з салдатам Швэйкам

Гiстэрыя, зробленая мэдыямi i ўладамi, ужо прынесла пэўныя вынiкi: людзi баяцца мець хоць што-небудзь агульнае з пратэстам супраць МВФ i СБ ў Празе. Формы пратэсту, што звычайна выкарыстоўваюцца на Захадзе, не ўспрымаюцца чэскай грамадзкасьцю, якая выхаваная ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму. Нават самыя бяскрыўдныя выпадкi непадпарадкаваньня й наўпроставых дзеяньняў дыскрэдытуюцца i аб’яўляюцца злачыннымi. У вынiку няўрадавыя арганiзацыi, якія хвалююцца за сваю рэпутацыю, адмовiлiся браць удзел у кампанii, якая пачынае ўспрымацца ў кантэксьце гвалту. Нiхто зь iх ня хоча зьвязвацца з вулiчнымi акцыямi, што асацыююцца з бунтам.

Да гэтага трэба дадаць агульную неразьвiтасьць грамадзтва ў пост-камунiстычнай краiне i яшчэ традыцыйны чэскi характар, добра намаляваны Гашкам у рамане пра Добрага ваяку Швэйка. Галоўны пэрсанаж — Швэйк — паказвае такiя рысы чэскага нацыянальнага характару, як невуцтва, баязьлiўства, бесхрыбетнасьць i жаданьне не прапусьцiць зручны выпадак.

Шкада, але адным з самых чутных галасоў, што крытыкуюць МВФ i СБ, ёсьць голас нерэфармаванае Камуністычнае партыi, нашчадка таталiтарнага рэжыму, а асаблiва ейная сталiнiсцкая галiна — Аб’яднаньне Чэскiх Камунiстаў. Рух пратэсту вагаецца, цi ўступаць у каалiцыю з камунiстамi, цi адасабляцца ад iх. Што нам патрэбна ў дадзеным выпадку — гэта каалiцыя, створаная зь няўрадавых арганiзацыяў, падпольных рухаў і радыкальных гандлёвых аб’яднаньняў (якiя цалкам адсутнiчаюць). Гэткая каалiцыя была ў аснове посьпеху ў Сiэтле, якi немагчыма было б дасягнуць, калi б людзi на вулiцах ня мелi за сабою падтрымку лябiстаў з асноўных няўрадавых арганiзацыяў і Хрысьцiянскага руху.

Зыходзячы з адсутнасьцi досьведу пратэстаў такого кшталту, для чэхаў верасьнёўскiя падзеi могуць стацца шакуючымi. Цяжка зьмянiць падставовы курс грамадзкае думкi, выказаны ў мэдыях, якi зьвязвае падобныя дзеяньнi з гвалтам i аспрэчвае iхную законнасьць. Такiм чынам, асноўнай мэтаю верасьнёўскiх акцыяў у Празе будзе прадэманстраваць чэскай, а значыць i ўсёй усходне-эўрапейскай грамадзкасьцi, што пратэсты ня ёсьць шкоднымi, i iснуе альтэрнатыва цяперашняй сыстэме. Каб дамагчыся гэтага, мы мусiм атрымаць падтрымку альтэрнатыўных галасоў, у тым лiку i заявы на радыё i пераканаць грамадзкасьць у iх важнасьцi…

Падумайце пра гэта…

Пераклад Ліяны Бурцавай
паводле
Greenpepper, spring 00