тэндэнцыі
Очередная попытка объединения усилий различных экологических организаций оформилась на Круглом столе, который прошёл на берегу Свитязи в ноябре. Итогом есть Свитязянская декларация и рабочая группа.
Ствараецца
“зялёная” Асацыяцыя2001 год прапаноўваецца аб’явіць годам публічнасьці
“зялёных” арганізацыяў і прыродаахоўных ініцыятываў.На возеры Сьвіцязь адбылася сустрэча, на якой была абмеркаваная тэма “Грамадзкія экалягічныя арганізацыі: публічнасьць дзейнасьці перад пагрозаю дээкалягізацыі краіны”.
У выніку абмеркаваньняў была сфармаваная Рабочая група ў стварэньні Асацыяцыі экалягічных арганізацыяў ды ініцыятываў Беларусі.
Да 15 студзеня 2001 году Рабочая група плянуе распрацаваць статут Асацыяцыі.
З мэтаю як мага больш шырэйшага абмеркаваньня сэнсу ствараемай Асацыяцыі, прынцыпаў дзейнасьці з зарэгістраванымі й незарэгістраванымі суполкамі ды індывідуальнымі ініцыятывамі, палажэньняў статуту ды іншых пытаньняў група “ЭкаІнформ” заклікае ўсіх зацікаўленых у разьвіцьці “зялёнага” руху дасылаць свае прапановы й меркаваньні што датычна ролі Асацыяцыі экалягічных арганізацыяў ды ініцыятываў на адрэсу: zialonykraj@europe.com або: 220047, а/с 68, Менск, Беларусь. Матэрыялы, пазначаныя “для друку” будуць зьмешчаныя ў чарговым нумары часапісу “Зялёны kрай”.
Далучайцеся да працы Рабочае групы! Уваход вольны :)
Максім Капран,
Група “ЭкаІнформ”
Рэзалюцыя Круглага сталаАб утварэньні Асацыяцыі недзяржаўных экалягічных
арганізацыяў і грамадзкіх ініцыятываў Беларусі1. Стварыць Асацыяцыю недзяржаўных экалягічных арганізацыяў і грамадзкіх ініцыятываў Беларусі.
2. Лічыць задачаю Асацыяцыі каардынацыю дзейнасьці экаарганізацыяў на пляцформе Стратэгіі экадзеяньня-2000, аказаньне арганізацыям трэцяга сэктару неабходнае дапамогі ў ажыцьцяўленьні агульнанацыянальных праектаў на абарону акаляючага асяродзьдзя й прыроднае спадчыны Беларусі.
3. Для рэалізацыі ініцыятывы даручыць Рабочай групе ў складзе пяці арганізацыяў-удзельніцаў (газэта “Белавежская пушча”, група “ЭкаІнформ”, Экалягічны зьвяз, “АСДЭМО”, Экалягічная партыя, рух “Экасупраціў”) правесьці неабходную падрыхтоўчую працу й падсумаваць вынік да 15 студзеня 2001 году.
Сьвіцязь, 19 лістапада 2000
Паведамленьне для прэсыУдзельнікі Круглага стала:
– канстатуюць, што ў краіне недастаткова задзейнічаны грамадзкі чыньнік у пытаньнях аздараўленьня навакольнага асяродзьдзя, захаваньня нацыянальнае прыроднае спадчыны, волявыяўленьня людзей у форме пратэстаў (пікетаў, шэсьцяў ды інш.). Пры гэтым захоўваецца становішча, калі няўрадавыя экалягічныя арганізацыі, нягледзячы на рэальныя магчымасьці, не зацікаўленыя ў публічнасьці сваёй дзейнасьці, абмяжоўваюцца справаздачамі перад грантадаўцамі й фактычна закрытыя ад шырокай беларускай грамадзкасьці
– лічаць несумяшчальным з этыкаю паводзінаў грамадзкай арганізацыі, калі яе дзейнасьць не мае выйсьця на шырокую грамадзкую думку й сродкі масавай інфармацыі, не выяўляе намаганьняў да пашырэньня сфэры свайго ўплыву
– зьвяртаюць увагу дабрачынных фондаў на неабходнасьць адкрытасьці й публічнасьці праграмаў-донараў экалягічнага кірунку, якія працуюць у Беларусі, на даступнасьць і ўцямнасьць працэдуры ў адборы праектных прапановаў, азнаямленьне шырокае грамадзкасьці з ходам рэалізацыі падтрыманых праектаў ды ініцыятываў
– зьвяртаюцца да журналістаў, СМІ, прэсавых службаў з прапановаю шырока знаёміць аўдыторыю зь дзейнасьцю грамадзкіх экалягічных арганізацыяў, выкарыстоўваць іх незалежную пазыцыю й думку, спрыяць публічнасьці й адкрытасьці прыродаабаронных ініцыятываў, крытычна ставіцца да выпадкаў, калі арганізацыя існуе на дабрачынныя сродкі, але закрытая ад грамадзтва
– выступілі зь ініцыятывамі распрацаваць генэральную схему прыродакарыстаньня Беларусі, якая затым будзе кантралявацца сябрамі недзяржаўных арганізацыяў; вызначыць стратэгію экадзеяньня трэцяга сэктару Беларусі на пэрыяд да 2005 году; вывесьці з падпарадкаваньня выканаўчай уладзе шэраг дзяржаўных экалягічных службаў; склікаць у 2001 годзе Ўсебеларускі зьезд эколягаў; заснаваць базу дадзеных дзейных экалягічных арганізацыяў, а таксама праграмаў-донараў і праектаў трэцяга сэктару, якія ўжо рэалізуюцца ці будуць падтрыманыя ў бліжэйшай пэрспэктыве
– прыйшлі да высновы пра неабходнасьць стварыць Асацыяцыю недзяржаўных экалягічных арганізацыяў і грамадзкіх ініцыятываў Беларусі (варыянт назвы), якая б плянавала й каардынавала дзейнасьць зялёнага трэцяга сэктару і аказвала арганізацыям ды ініцыятывам дзейную дапамогу ў ажыцьцяўленьні агульнанацыянальных праектаў на абарону акаляючага асяродзьдзя й прыроднае спадчыны Беларусі
Сьвіцязь, 19 лістапада 2000
Ва ўсіх пытаньнях адносна Круглага стала й пытаньнях, зьвязаных зь дзейнасьцю экаарганізацыяў, зьвяртацца:
Валеры Дранчук (газэта “Белавежская пушча”, тэл.236-50-76)
Алесь Мазур (green@irex.minsk.by)