сэмінар
Советы журналисту, освещающему экологические проблемы. Американский опыт.
Парады журналісту, які асьвятляе экалягічныя праблемы
Праф. Шэран Фрыдман, унівэрсытэт Ліхай, Пэнсыльванія
Джым Дэтжэн, прэзыдэнт Амэрыканскага таварыства экажурналістаў.1 Займайся самаадукацыяй, калі Табе не хапае ведаў пра навакольнае асяродзьдзе (яго праблемах ды іхных вырашэньнях). Чытай на гэтую тэму, размаўляй зь іншымі аўтарамі й дасьледнікамі.
2 Займайся адукацыяй чытачоў, але не станавіся пад час гэтага на пазыцыю чыстага абаронцы навакольнага асяродзьдзя. Ня ўсім падабаецца такая пазыцыя. Чытачы маюць права сьцьвярджаць, што журналіст-эколяг таксама нясе адказнасьць у абароне й захаваньні навакольнага асяродзьдзя.
3 Будзь “вартавым сабакам”. Дазнавайся, хто вінаваты ў пэўнай экалягічнай сытуацыі, што трэба было зрабіць і чаму яно не было зроблена, якія дзяржаўныя ўстановы мусілі адсочваць сытуацыю, якія захады робяцца і якія яшчэ павінны быць зробленымі.
4 Паказвай альтэрнатыўныя шляхі вырашэньня праблемаў. Аказвай ціск на людзей, што адказваюць за экалягічную палітыку, з тым, каб даведацца, якія альтэрнатывы яны разглядалі. Якія сацыяльныя і эканамічныя кошты кожнага варыянту вырашэньня праблемы, і што адбудзецца, калі не рабіць аніякіх захадаў?
5 Размаўляй са спэцыялістамі й навукоўцамі, урадавымі чыноўнікамі й актывістамі экалягічнага руху. Разнастайныя гледзішчы, меркаваньні й тлумачэньні могуць дапамагчы ў прыняцьці рашэньняў. У кожнай з гэтых групаў могуць быць свае ўласныя інтарэсы. Больш за тое, экспэрты часьцяком перабольшваюць значаньне сваёй ролі, а навукоўцы занадта ўпэўненыя ў выніках сваіх дасьледваньняў.
6 Заставайся скептыкам. Навукоўцы й спэцыялісты звычайна ганарацца сваімі адкрыцьцямі й высновамі. Не забывай запытваць: “а Вашая праца спраўджвалася іншымі?”
7 Настойвай на простым тлумачэньні. Патрабавальны журналіст зь мінімумам тэхнічных ведаў заўжды можа дамагчыся ад спэцыялістаў расповеду на дастаткова простай мове й нават аказваць пэўны супраціў спробам суразмоўцы ўхіліцца ад пытаньня або маніпуляваць журналістам.
8 Адшукай кампэтэнтныя і надзейныя крыніцы. Яны, верагодна, будуць складвацца са спэцыялістаў з прыватных і грамадзкіх агэнцтваў аховы прыроды, навукоўцаў мясцовага ўнівэрсытэту, экспэртаў у нацыянальных, рэгіянальных і мясцовых ворганах аховы здароўя, у прамысловасьці.
9 Гуманізуй, пэрсанафікуй свае артыкулы, набліжай іх да мясцовых умоваў. Памятай, што Ты пішаш ня толькі дзеля навукоўцаў і ўрадавых чыноўнікаў, але й дзеля простых чытачоў. Без тлумачэньня на чалавечым і асабістым роўні чытачу цяжка растлумачыць, што азначаюць для яго паданыя ў артыкуле лічбы, статыстычныя выкладкі й навуковыя канцэпцыі, чаму ён увогуле павінны чытаць Твой артыкул.
10 Паспрабуй знайсьці й растлумачыць чытачу мясцовы аспэкт экалягічнай інфармацыі, інакш яму цяжка зразумець важкасьць, да прыкладу, паведамленьня зь іншай краіны.
11 Пры магчымасьці, ілюструй свой матар’ял, каб спрасьціць разуменьне яго чытачом. Схемы, табліцы, фатаграфіі й дыяграмы могуць патлумачыць праблему лепш за тысячу словаў.
12 Пішы проста, ясна й даступна, пазьбягай паблажлівага тону. Звычайна дапамагае, калі Ты ўяўляеш сабе канкрэтнага чытача Твайго артыкулу.
13 Перакладзі фармальны тэхнічны жаргон і адмысловую мову навуковых выступаў, бо яны звычайна блага напісаныя й арганізаваныя, бо арыентаваныя на вузкую аўдыторыю. Тлумач тэхнічныя тэрміны ў тэксьце артыкулу.
14 Прыдбай экалягічныя даведнікі й падпішыся на экалягічныя выданьні. Папрасі ўключыць Цябе ў рассылачныя сьпісы экалягічных арганізацыяў у Тваёй краіне, рэгіёне, а таксама міжнародных арганізацыяў, што займаюцца глябальнымі пытаньнямі экалёгіі.
15 Асьцярожна скарыстоўвай такія “размоўныя” фразы, як “стандарты аховы здароўя”, “дапушчальны ровень рызыкі” й г.д. Удакладні, якія канкрэтна гэтыя стандарты, наколькі дапушчальныя роўні рызыкі і чаму.