Чарнобыль

Чернобыль — в прошлом, в настоящем, в будущем?.. Реактор остановлен, станция остаётся. Мнения учёных по этому поводу.

15 сьнежня а 13:15
прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма аддаў дырэктару Чарнобыльскай АЭС Віталю Таўстаногаву загад спыніць апошні, трэці рэактар.

14 сьнежня, пасьля 8 дзён рамонту пасьля аварыйнага спыненьня, быў апошні раз запушчаны трэці энергаблёк Чарнобыльскай АЭС — толькі дзеля таго, каб быць урачыста спыненым 15 сьнежня.

Украінскія ўлады прыклалі намаганьні да таго, каб падаць гэтую падзею на належным роўні, і тэлекарцінка застанецца ў гісторыі.

Але станцыя не зьнікае.

Поўнае зьняцьцё 3-га блёку, а значыць — закрыцьцё ЧАЭС плянуецца на 2008 год, калі з рэактару й прырэактарных басэйнаў вытрымкі ўсё паліва будзе выгружана ў сховішча. І да таго часу энэргаблёк застанецца ядрава-небясьпечным аб’ектам.

На Чарнобыльскай АЭС да гэтага часу эксплюатаваўся толькі 3-ці энэргаблёк. 1-шы знаходзіцца ў стадыі спыненьня эксплюатацыі (паліва яшчэ ня выгружана), 2-гі — у стадыі вываду з эксплюатацыі (вызвалены ад паліва), 4-ты разбураны пасьля аварыі ў 1986 годзе.

Будаўніцтва ЧАЭС пачалося ў 1970 годзе, і ў 1977 годзе быў уведзены ў дзеяньне першы энэргаблёк. Апошні — 4-ты блёк — быў уведзены ў эксплюатацыю ў 1983 годзе. Праз 3 гады — 26 красавіка 1986 году а 1:23 на гэтым блёку адбыўся выбух.

Цяпер у сьвеце дзейнічаюць 13 рэактараў тыпу РБМК — на Смаленскай, Курскай, Ленінградзкай АЭС у Расеі ды Ігналінскай АЭС у Летуве. Летувінскую станцыю таксама мяркуюць зачыніць.

Паводле
БелаПАН і Интерфакс-Запад

Ганна Соусь
Станцыя

Паводле Радыё Свабода, этэр 12 сьнежня 2000 г.
http://www.svaboda.org/today/2000/dec/12/sous1212.html

Тры дні засталося да закрыцьця Чарнобыльскай АЭС. Як гэтая падзея адаб’ецца на Беларусі? Ці не пагражаюць краіне небясьпечныя экалягічныя наступствы?
Беларускія навукоўцы мяркуюць, што закрыцьцё Чарнобыльскай АЭС ня будзе мець значнага ўплыву на Беларусь. Паводле экспэртаў, гэта перадусім палітычнае рашэньне, а не экалягічнае.

Закрыцьцё Чарнобыльскае станцыі цяпер ні на што ў Беларусі істотна не паўплывае. Выкінутыя пятнаццаць год таму на беларускую зямлю радыёнукліды на ёй і застануцца. Так мяркуе намесьнік дырэктара Інстытуту радыяцыйнае бясьпекі “Белрад” доктар тэхнічных навук Аляксандар Дэвойна.

“Доўгатрывалыя радыёнукліды, такія як цэзі, стронцы і плютоні, што былі выкінутыя, цяпер займаюць 23% тэрыторыі нашае краіны. Пасьля закрыцьця станцыі іх не паменшае і не пабольшае. Хіба што стане меншаю рызыка магчымае катастрофы.

А сытуацыя з наступствамі “чарнобылю” ў Беларусі дагэтуль застаецца трывожнай. Мы па-ранейшаму атрымліваем з чарнобыльскай зоны забруджаныя прадукты. 80% дозы апраменьваньня абумоўленыя тым, што жыхары забруджаных раёнаў (а гэта 1,5 мільёны чалавек, зь іх паўмільёны — дзеці) харчуюцца забруджанымі прадуктамі”, — зазначыў Аляксандар Дэвойна.

А на думку доктара хімічных навук, сябры Міжнароднай экалягічнай Акадэміі, інваліда-чарнобыльца Яўгена Пятраева, больш плённым было б нарэшце вырашыць праблемы са “Сховішчам” і кансэрвацыяй 4-га энэргаблёку:

“Станцыя працуе даволі ўстойліва, і прыпыняць яе ці не прыпыняць, на мой погляд, гэта ня мае значэньня. Выказваюцца аргуманты, што гэта такі ж самы рэактар, які выбухнуў на 4-м блёку, і таму магчымасьць новага выбуху існуе. На самой справе навукоўцы зрабілі пэўныя высновы, і канешне, нічога падобнага больш там ня можа адбыцца. Напэўна, можна было больш інтэнсыўна працаваць над паляпшэньнем працы станцыі.

Але на Беларусь закрыцьцё станцыі не паўплывае. Гэта паўплывае на Ўкраіну, і, на маю думку, хутчэй адмоўна, чым станоўча”, — распавёў Яўген Пятраеў.

А паводле словаў дырэктара Інстытуту радыёэкалягічных праблемаў Акадэміі Навук Уладзімера Скурата, закрыцьцё станцыі — гэта больш палітычнае рашэньне, чым экалягічнае:

“Што тычыцца работ у вывядзеньні з эксплюатацыі станцыі, дык яны будуць цягнуцца даўгія гады. У тым ліку й працы дзеля ліквідацыі небясьпекі ад саркафагу. А яна йснуе і дагэтуль. Зь цягам часу стан “саркафагу” не паляпшаецца. Ён разьлічаны на 30 гадоў, прайшло ўжо 15. Ідзе праца дзеля яго ўмацаваньня, але гэта трэба вырашаць кардынальна”, — зазначыў Уладзімер Скурат.

На ягоную думку, ад закрыцьця Чарнобыльскай АЭС горш ня будзе, а гэта ўжо добра.