праблема XXI
В отличие от советского времени, теперь в Беларуси даже зимой нет дефицита импортных фруктов и овощей. Но вместе с тем специалисты-эпидемиологи предупреждают: далеко не всё, што красиво на вид, можно употреблять.
Ігар Карней
Ласунак з атрутаюПаводле Радыё Свабода, этэр 13 сьнежня 2000 г.
http://www.svaboda.org/today/2000/dec/13/karn1213.htmlКожны, хто стаяў у чарзе па садавіну ці гародніну, зьвяртаў увагу на, так бы мовіць, не зусім натуральны выгляд яблыкаў, кавуноў, бананаў ці вінаграду. Прычым, часта інтуіцыя не падманвае. Першае, на чым можна пасьлізнуцца — гэта на кармавых аналягах акультураных гатункаў. Паводле спэцыялістаў лябараторыі аналізу Мінсельгасхарчу, не зусім разборлівым рэалізатарам часта “падсоўваюць” кавуны, дыні або нават бананы, якія ў іншых краінах вырошчваюць на корм быдлу. Акрамя таго, што паводле смаку ўсе яны нагадваюць сыры бурак і да таго ж шкада выкінутых грошай, нейкіх наступстваў для здароўя кармавыя культуры ня маюць. Як ні дзіўна, небясьпека часта хаваецца за ідэальнымі формамі...
Краіны, якія вырошчваюць ураджай адмыслова дзеля экспарту, цягам сэзону апрацоўваюць садавіну ў залежнасьці ад навалы шкоднікаў ці расьлінных хваробаў — г.зн., незьлічоную колькасьць разоў. Да таго ж, напярэдадні адгрузкі робіцца “генэральная” апрацоўка высокатаксычным броммэтылам. Шкоднасьць ягонага ўплыву на здароўе такая, што Эўрапарлямэнт выступіў з прапановаю скараціць выкарыстаньне бромметылу ў 2001 годзе на 70%, а праз год забараніць яго наогул.
Тым часам ёсьць меркаваньне, што на краіны СНД гэтая рэкамэндацыя распаўсюдзіцца наўрад ці: яшчэ з савецкага часу замежная садавіна й гародніна спраўджваецца на наяўнасьць толькі некалькіх хімічных прэпаратаў, найперш, ДДТ, які на Захадзе даўно не выкарыстоўваецца.
Гаворыць супрацоўніца Менскае таксыкалягічнае лябараторыі Інга Кошаль:“Натуральна, ніхто ня ведае, чым што апрацоўвалася на плянтацыях, напрыклад, Афрыкі. Тым больш, у суправаджальных дакумэнтах гэта таксама не ўдакладняецца. Таму мы зыходзім, так бы мовіць, з “тэарэтычна магчымага”, бо кожны пэстыцыд мае ўласную сфэру ўжываньня. Што тычыцца ўласна небясьпекі, дык цяперашняе пакаленьне пэстыцыдаў — ператройды — узьдзейнічаюць на інсэктаў ці грыбковыя ўтварэньні, але небясьпека для чалавека моцна перабольшаная”.
Між іншым, у ЗША, дзе бясьпека асобы ўзьведзеная ў культ, надрукаваная справаздача гігіенічнага аналізу садавіны й гародніны ў гандлёвай сетцы: аказалася, што 65% праверанага асартымэнту ў той ці іншай ступені ўтрымлівае 69 розных хімікаліяў.
Дапамагаюць ускладніць сытуацыю і мясцовыя гандляры. Немагчымасьць захоўваць прадукцыю, як у большасьці заходніх краінаў, у адмысловым газавым асяродку вымушае ўжываць ўласныя ноў-хаў, часта нябездакорныя. Сёньня ў продажы дастаткова канцэрагэнаў, здольных працягнуць жыцьцё, напрыклад, цеплалюбным бананам ці цытрусавым. Няхітрая працэдура ранішняга “аздабленьня” ёсьць гарантыяй, што на марозе той жа банан ня толькі ня зьмерзьне, але й захавае таварны выгляд цягам некалькіх тыдняў. (Дарэчы, паводле ўсіх нормаў, бананы адразу ж псуюцца пры тэмпературы ніжэй за +12оС.)
Тое ж можна аднесьці да памідораў, трускавак, мандарынаў ды шэрагу іншае гародніны й садавіны, што пасярод зімы сваім ідэальным выглядам нараджае ня толькі спакусу, але й вялікія сумненьні.